15 лютага на волю выйшаў Андрэй Клімаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў яго памочнік, каардынатар аргкамітэта па стварэнні камітэта ў абарону правоў зняволеных «Над бар\’ерам» Цімафей Дранчук.

Паводле яго слоў, А.Клімаў быў вызвалены ў сувязі са змяненнем пакарання на больш мяккае. «На якое — пакуль невядома», — сказаў Ц.Дранчук.

Ён паведаміў, што Клімава пад канвоем даставілі на вакзал Мазыра і пасадзілі ў цягнік «Мінск — Гомель — Калінкавічы — Мінск». Такім чынам, раніцай 16 лютага А.Клімаў будзе ў Мінску.

Нагадаем, А.Клімаў быў арыштаваны 3 красавіка 2007 года за апублікаваныя ў інтэрнеце артыкулы. 1 жніўня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або насільнага змянення канстытуцыйнага ладу з выкарыстаннем СМІ). Прычынай для абвінавачання стала публікацыя на сайце ucpb.org. Палітыка асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. 2 кастрычніка мінулага года калегія Мінскага гарадскога суда адхіліла касацыйную скаргу па справе А.Клімава. Пакаранне ён адбываў у Мазырскай папраўчай калоніі № 20 (Гомельская вобласць).

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0