Гурт Navi выступіць на тэрасе кавярні Chill-Out на плошчы Свабоды 19 чэрвеня. Іх выступ падтрымае гурт «Палац» з акустычнай праграмай.

Гурт Navi, аснову якога складаюць Арцём Лук'яненка (22 гады) і Ксенія Жук (22 гады), стаў адным зь фіналістаў конкурсу «Засьпявай 2.0». Музыкі падалі заяву на ўдзел у двух намінацыях – «Кавэр» і «Сьпяваная паэзія», і ў абодвух былі адзначаныя журы.

На «Кавэр» музыкі падалі песьню «Жар-птушка» на верш Генадзя Бураўкіна, якую выконваў ансамбаль «Сябры». «Мы вырашылі ўзнавіць гэтую цудоўную песьню. Пранікнёная, прыгожая кампазыцыя, якая кранае душу, і пра якую, на жаль, мала, хто ведае цяпер. Наша мэта ўзнавіць песьню і нават уключыць яе ў канцэртную праграму», – кажа вакалістка Ксенія Жук. 

Для намінацыі «Сьпяваная паэзія» Navi падрыхтавалі твор на верш вядомага беларускага паэта 20-х гадоў XXст. Паўлюка Труса «Плакалі ветры». «Хоць аўтар не сучасьнік, але тэкст твора абсалютна сучасны і можа адлюстроўваць эмоцыі і перажываньні сучаснага чалавека. Тэма каханьня будзе заўсёды актуальнай. Таму лічым, што песьня можа быць сучаснай і закрануць слухача», – кажа Арцём Лук’яненка. Navi ўжо выканалі яе на сваім сольным канцэрце пры ўдзеле госця – лідэра гурта «Палац»Алега Хаменкі.

Падчас свайго сэта на тэрасе Chill-Out 19 чэрвеня Navi сыграюць свае конкурсныя песьні, а таксама абраныя творы з альбому «Сонцам сагрэтыя». Паводле задумы летніх канцэртаў, кожнага фіналіста «Засьпявай» падтрымае сваім выступам вядомы гурт. Госьцем гэтага вечару стане якраз гурт «Палац», які выступіць пасьля Navi з гадзінным сэтам найлепшых песень у акустычным гучаньні.

Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.

19.06. Тэраса кавярні «Chill-Out» (плошча Свабоды, 4). Navi. Пры падтрымцы гурта «Палац». Пачатак у 20.00. Кошт квіткоў – 120 000 – 160 000. Толькі 50 месцаў! Інфалінія: +375 29 6768195

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?