Наталка Бабіна: Каштоўнасьць музэю «Берасьце» вельмі высокая, і ён варты большага, чым быць нейкім дадаткам да комплексу «Брэсцкая крэпасьць‑герой», як гэта (на маю думку) ёсьць цяпер. Чым цяпер жыве музэй? Ці многа вы прымаеце наведвальнікаў?

Юры Сьлесарук: У мінулым годзе было 44 тысячы. Прычым музэй працяглы час быў зачынены: мы праводзілі кансэрвацыю і іншыя працы ў раскопе, ладзілі дах. Працы ў раскопе насьпелі даўно.

Калі музэй будавалі, гэта быў самы танны варыянт. Тут вялікія перапады тэмпэратуры: зімой яна можа быць мінусавай, а летам — даходзіць да 30 градусаў гарачыні. Ні да чога добрага гэта не прыводзіць. Тут недастаткова вэнтыляцыі. Але куды падзенесься? Даводзіцца неяк прыстасоўвацца.

Вялікая праблема была з дахам, які працякаў. У нас даўно скончыўся шклопрафіліт, якім мы ўшчыльнялі стыкі. Цяпер шкляная частка даху замененая на шклопакеты. Але неабходна рамантаваць бляшаную частку страхі, бо яна ўсё ж працякае. Рамонт працягнецца вясной. Пэрыядычна мы закрываем раскоп плёнкай: калі ідзе дождж, калі праходзяць працы на даху і адтуль сыплецца друз.

Наведнікаў часта зьдзіўляе тое, што ў раскопе растуць зялёныя расьліны, мох. Спачатку мы выкарыстоўвалі гербіцыды, каб пазбавіцца ад іх, але потым вырашылі, што рабіць гэтага ня варта. Шкоды пабудовам яны не наносяць. Пэрыядычна, прыкладна раз у два тыдні, мы іх проста выполваем. У раскоп заўсёды прасочваецца з грунту вада, якую мы адпампоўваем, і на вільготнай глебе зьяўляюцца расьліны.

НБ: Ці ёсьць у вас лябараторыя, дзе удасканальваюцца спосабы кансэрвацыі старажытных пабудоваў?

ЮС: Тэхналёгія кансэрвацыі распрацаваная ў Беларускім тэхналягічным унівэрсытэце. Мы супрацоўнічаем зь ім з самага пачатку. Яны прапануюць нам розныя мэтады: спачатку кансэрвацыя праводзілася фэнолавымі сьпіртамі, затым — клеем і смоламі, а вось цяпер кансэрвацыя праводзілася спэцыяльным вогнебіяабарончым прэпаратам «Спад». У нас падпісанае пагадненьне з унівэрсытэтам пра назіраньне за станам пабудоваў. Калі спатрэбіцца, кансэрвацыя будзе паўтораная, але, хутчэй за ўсё, ужо нейкім іншым прэпаратам. Мы пастаянна адсочваем гэта: у якім стане знадворны слой, у якім стане стрыжань, як «пачуваюць» сябе ніжнія вянкі, як верхнія…

Усе старажытныя пабудовы ляжаць на каменных бардзюрах і затым на новых дубовых бэльках, набрынялых антысэптычным расстворам. Паміж пабудовамі і грунтам, такім чынам, ёсьць адлегласьць на 35—40 см.

НБ: Ці задаволеныя вы ўзроўнем фінансаваньня музэю?

ЮС:Летась нам выдаткавалі досыць вялікія сродкі. Але хацелася б, каб фінансаваньне было больш раўнамерным, бо тыя праблемы, якія мы вырашалі летась і працягваем вырашаць цяпер, сьпелі і назапашваліся даўно.

НБ: Ці вядзецца ў музэі навуковая дзейнасьць?

ЮС: Так. У нас больш за 42 тысячы прадметаў з раскопак, якія трэба апісаць. Супрацоўнікі вядуць кансэрвацыю, пішуць навуковыя пашпарты, заносяць дадзеныя ў электронны каталёг. Вось, скажам, супрацоўнік, які займаецца скурамі, летась скончыў апісаньне поршняў, цяпер перайшоў на туфлі. Я займаюся жалезаапрацоўкай і нумізматыкай. Ну і, канечне, супрацоўнікі вядуць асьветніцкую працу, праводзяць экскурсіі, ладзяць выставы.

НБ: А які заробак у супрацоўнікаў?

ЮС: Ад 320 да 370 тысяч. Мой заробак — каля 600 тысяч.

НБ: Пры многіх музэях сьвету існуюць музэй‑шопы: крамы, дзе наведнікі могуць набыць копіі рэчаў, выстаўленых у музэі…

ЮС: У нас працуюць два прадпрымальнікі, якія гандлююць кніжнай і сувэнірнай прадукцыяй. Асартымэнт — цалкам на іхны густ. Магчыма, было б добра, каб гэтай працай займаўся сам музэй, але на гэта трэба браць ліцэнзію, шукаць для гэтай мэты людзей. Раней у краязнаўчым музэі мы займаліся такой справай, але ў фінансавым пляне гэта аказалася для музэю стратным.

НБ: Сярод берасьцейскай інтэлігенцыі карыстаецца папулярнасьцю ідэя ўзнаўленьня хаця б часткі гораду XVI—XVII стагодзьдзя, часоў яго росквіту, з усімі тымі цэрквамі, кляштарамі, іншымі будынкамі, ад якіх, на жаль, нічога не засталося ў сучасным Берасьці. Як Вы ставіцеся да гэтай ідэі? І дзе, на Ваш погляд, можна было б узьвесьці такі комплекс, каб ён стаў своеасаблівым працягам старажытнага Берасьця, што дэманструецца ў археалягічным музэі, і даваў наведвальнікам уяўленьне пра разьвіцьцё гораду ў гісторыі?

ЮС: Па‑мойму, трэба пачынаць з манастыра бэрнардынак, які стаіць вось паблізу ад нас, на Шпітальным востраве. Што датычыць Цэнтральнага вострава, то я лічу, што пабудовы крэпасьці зносіць ня трэба. Што ёсьць, тое ёсьць. Я цалкам разумею, што многія хацелі б бачыць на гэтым месцы стары горад, які быў сапраўды прыгожым і цікавым. Але ж трэба ўлічваць рэаліі. Ёсьць крэпасьць — і хай яна будзе. На пустых месцах, якіх у крэпасьці многа, цалкам магчыма ўзнавіць нейкія цікавыя будынкі — прычым тамсама, дзе яны стаялі. Гэта будзе нават цікавей: сумясьціць крэпасьць з помнікамі XVI—XVII стагодзьдзяў. Іншая справа, што там знойдуць пры раскопках, ці будзе што ўзнаўляць…

НБ: Раскажыце трошкі пра сябе і пра тое, якія галоўныя задачы Вы бачыце перад музэем.

ЮС: Я берасьцеец. Школьнікам працаваў тут на раскопках. Вучыўся ў нашым пэдынстытуце. Працаваў у краязнаўчым музэі на розных пасадах. Асноўная задача: зрабіць так, каб музэй быў цікавым для наведвальнікаў. Зрэшты, такая мэта ў любога музэю.

Гутарыла Наталка Бабіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0