Бульба «Марыс Пайпер». Фота: grangefarm.com
Брытанскія даследчыкі The Sainsbury Laboratory атрымалі грант на стварэнне цягам пяці год «дасканалай» бульбы, распавядае N+1 са спасылкай на сайт лабараторыі.
На 841 тысячу фунтаў стэрлінгаў (блізу 1,28 млн даляраў) генетыкі маюць вывесці бульбу, устойлівую да хваробаў, шкоднікаў і паразітаў ды без сініх плям.
Да таго ж, яна мусіць не назапашваць канцэрагены падчас гатавання.
Паасобку розныя віды бульбы ўжо маюць такія ўласцівасці. Брытанцы маюць аб’яднаць іх у адным «супергатунку» на базе гатунку «Марыс Пайпер». У апошні патрэбныя гены перанясуць адмысловыя бактэрыі.
Навукоўцы не бачаць праблем з вывядзеннем такой бульбы. Але нават калі «супербульба» будзе выведзеная, яшчэ маюць быць праведзеныя тэсты на бяспеку для здароўя. Па рэалістычных падліках, яна зможа з’явіцца ў продажы праз 8-10 гадоў.
«Супербульба», калі будзе выведзеная, дазволіць штогод эканоміць дзясяткі мільёнаў даляраў на стратах прадукту праз хваробы і сінія плямы, а таксама ў перспектыве скароціць выкарыстанне пестыцыдаў.