Даследаванне глабальнай нагрузкі хвароб чалавецтва (PDF) з 1990 па 2013 гады выявіла, што толькі кожны дваццаты чалавек у свеце можа быць прызнаны здаровым па сучасных крытэрыях.

Людзі мусяць пераключыцца з простага падтрымання жыцця да старасці да падтрымання здаровага жыцця, лічаць даследчыкі. Чалавецтва надае недастаткова ўвагі парушэнням працы апорна-рухальнага апарату і псіхічным расстройствам, мяркуюць яны.

Паводле даследавання, толькі 5% людзей можна прызнаць здаровымі. Кожны трэці на Зямлі церпіць ад пяці і больш хвароб адначасова. Імавернасць смерці ва ўзросце 15-50 год вагаецца ад 1,2% для жанчын у Андоры да 52% для мужчын з Лесота.

Сітуацыя з хваробамі пагаршаецца як праз старэнне насельніцтва, так і праз рост колькасці хвароб, што дастаюцца чалавеку з нараджэння.

Найбольш распаўсюджанымі хваробамі былі названыя болі ў спіне, дэпрэсія і анемія, карыес, дыябет, мігрэнь і болі ў шыі. Калі ў Заходняй Еўропе найбольш год жыцця ўносяць ішэмічная хвароба сэрца, рак лёгкіх і інсульт, то ў Афрыцы сярод лідараў ВІЧ/СНІД, малярыя, дыярэя і інфекцыі ніжніх дыхальных шляхоў.

Але, пішуць даследчыкі, глабальная сістэма аховы здароўя мусіць звяртаць увагу не толькі на смяротныя хваробы, з якімі актыўна змагаюцца ў апошнія гады, але і заўважыць тыя, што адбіраюць у чалавецтва найбольш год жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?