Таццяна Барысік стала адкрыццём гэтай прэміі Гедройца. Дэбютная кніга прозы, з Магілёва — і адразу другая прэмія. Адкрыццём для ўсіх, але не для чытачоў «Нашай Нівы».

Гэта быў той выпадак, калі рэдактары, пабачыўшы яе ротапрынтную кніжачку вершаў, самі званілі аўтарцы і прасілі даць штосьці ў «НН». А яна дала не толькі вершы, але і жарты, і апавяданні. І тыя творы ўсе заўважылі. Але для шырокага кола Таццяна застаецца чалавекам невядомым.

Злева направа: Таццяна Барысік, старшыня Саюза пісьменнікаў Барыс Пятровіч, член журы Малгажата Бухалік, пісьменнік Андрэй Федарэнка

Злева направа: Таццяна Барысік, старшыня Саюза пісьменнікаў Барыс Пятровіч, член журы Малгажата Бухалік, пісьменнік Андрэй Федарэнка

— Таццяна, хто ты? Вось раскажы: хто ты?

— Найперш маці і пісьменніца, на шчасце — яшчэ дачка, на жаль, ужо не ўнучка. Ураджэнка Магілёва паводле пасведчання аб нараджэнні, з вясковым светапоглядам. Я з тае шматлікай кагорты беларусаў, што ад зямлі адарваліся, але ў вырай не паляцелі. Увесь свой нядоўгі век спрабую жыць паралельнымі жыццямі, удаецца не заўжды. І таму часта не па сваёй волі пераўвасабляюся ў суперадказнага героя вядомай показкі, што не йдзе на ўласнае вяселле па прычыне дзяжурства па лесвічнай пляцоўцы. Ды ў нас многія так. Звыклая справа.

«Узгадваю бабу з дзедам штодня»

— Якім было тваё дзяцінства?

— Звычайнае. Паміж вёскай і горадам. Гаварыць навучылася ў Магілёве, хадзіць у Кругланіве, на мацерынай бацькаўшчыне. У 7 гадоў 1 верасня ўпершыню прывялі ў школу. А назаўтра — ключ на шыі, суп — у тэрмасе, дзвераў нікому не адмыкай. Настаўнікаў слухалася, на ўроках ціха сядзела, але ману і несправядлівасць навучылася адрозніваць даволі рана. У крыўду сябе не давала, аматарам камандаваць іншымі не падпарадкоўвалася. Рабіла, як бацька вучыў: «Першая не лезь, а зачэпяць — дай здачы як след, каб памяталі». Вучоба ў горадзе, канікулы — у вёсцы. Свежына і кірмаш помняцца ярчэй за апошнія званкі, выпускныя, зборы макулатуры. У вёсцы мне і тады, і цяпер было камфортней.

У маленстве на станаўленне асобы больш уплывалі бацькі. Як падрасла, больш прывабнымі і зразумелымі чамусьці бабуліны жыццёвыя парады зрабіліся.

Дзядуля заўжды імкнуўся нечым зацікавіць, бабуля ніколі не хлусіла, нават у выхаваўчых мэтах, казала так, як ёсць, і я ёй за гэта ўдзячна. Яны глядзелі і падтрымлівалі мяне ажно да свайго скону не менш за бацькоў.

Гадоў з сямнаццаці пачала падтрымліваць іх і я, бачыла, як мяне там чакаюць, наколькі без маёй дапамогі цяжка. Пасля вучобы абрала размеркаванне на Бабруйшчыну. Паехала, каб да іх бліжэйшай быць. Я была іх любімай унучкай, а яны з цягам часу зрабіліся не толькі роднымі людзьмі, але і сябрамі. Бабулі са мной няма ўжо 12 гадоў, дзядулі — восем. А я ўзгадваю іх штодня і часам лаўлю сябе на думцы, што гляджу на свет іх вачыма.

Любілі «ўстроіцца»

— Ты з дасканалым густам апранаешся. Адкуль у цябе гэта? Ад каго?

— Гэта, пэўна, у крыві. Бацька і бабуля любілі, як казалі раней, «устроіцца» (прыгожа апрануцца) на якую бяседу, паказаць сябе. А яшчэ, мусіць, кампенсацыя за маладосць, калі такой магчымасці не было. Цяпер адзежы багата, але апранацца няма куды.

— Твае карані — гэта Глуск, Бабруйск, Асіповічы. Дзе канкрэтней? Што там цяпер?

— Мой бацька паходзіць з Навасёлак Асіповіцкага раёна, непадалёк ад Свіслачы. У Асіповічах жывуць сваякі і пахаваная бабуля па бацьку. Радзіма маёй маці — вёска Кругланіва, яшчэ кажуць Круглоніва, як каму падабаецца. Гэта кіламетраў 30 ад Бабруйска і сем — ад знакамітага мястэчка Глуша [малая радзіма Алеся Адамовіча і Міхася Тычыны — НН]. У гэтай мясціне сыходзяцца ў адно тры памежныя раёны Магілёўшчыны — Глускі, Бабруйскі і Асіповіцкі. Адсюль да Магілёва, Мінска і Гомеля аднолькава далёка.

Калісьці там жыла шляхта, і старыя людзі памяталі пра гэта, покуль жылі. На могілках там пахаваныя тры пакаленні маіх продкаў. Цяпер ад вясны і да восені там жывуць мае бацькі. Зімой там жыве толькі адзін чалавек, і той не мясцовы, летам — чалавек пяць­ сем.

— Як вы дабіраецеся туды з Магілёва?

— Спачатку аўтобусамі з перасадкай у Бабруйску, а пасля 3 кіламетры пехатою. Або на дызелі праз Асіповічы, пасля аўтобусам да Глушы і сем кіламетраў па лесе пехатою. Часам, асабліва раней, у студэнцкія гады, даводзілася выкарыстоўваць абодва варыянты, і тады дарога займала амаль дзень.

Каб зямля не гуляла

— А што там за хата? Колькі сотак вакол яе? Звяр’ё ёсць?

— Калі абмераць усё разам з закінутымі смароднікамі, дык, пэўна, гектар. Ніхто не абмяраў. Два двары — адзін ля хаты, другі для быдла — праз вуліцу. Хата вялікая. Старыя, як будавалі, спадзяваліся, што ў ёй танцы ладзіць будуць. Але выйшла іначай — пад старасць бедавалі, што не прапаліць.

Раней засявалі ўсё, каб зямля не гуляла, цяпер трохі сабе на патрэбу.

Цяпер усё дзічэе. Дажджы ідуць рэдка, нават калодзежы гэтым годам перасохлі.

Багата зайцоў, вожыкаў, ёсць тхары і куніцы, летась лісу бачыла.

Зачараваная зямля! Колькі жыць буду, буду памятаць смак перакіслага бярозавіку, трэск каласоў пад сярпом і палёт коршака над полем.

— Раскажы пра сваю работу. Вершы ты даволі апакаліптычныя пішаш. Як называецца твая пасада і ў чым заключаюцца абавязкі?

— Я колішні сацыяльны педагог і метадыст дашкольнага выхавання. Чырвоны дыплом у шуфлядзе пыл збірае. Калісьці нават ў факультэцкім конкурсе «Найлепшы будучы педагог года» перамагла.

Цяпер працую апаратчыцай па ачыстцы сцёкавых водаў. Абслугоўваю працэс ачысткі вады. Сачу за абсталяваннем, уключаю, выключаю, прыбіраю, адбіраю пробы вады. Чалавеку, які гэтага ніколі не бачыў, растлумачыць даволі цяжка.

Раблю па 12 гадзін па бягучым графіку. Начныя і дзённыя змены. Ніякага рэжыму няма і быць не можа. Фізічная праца з тэхнікаю і бруднай вадой, для якой трэба здароўе…

— Гэта небяспечная работа? Шкодная? Дачка, выходзіць, цябе не бачыць цэлыя суткі. Чаму ж ты трымаешся за гэтую работу?

— Па паўсутак дачка мяне не бачыць, некалькі выходных запар гэта пасля кампенсуюць. Так, шкодна, срэбра за гадзіну чорным робіцца, малако за шкоднасць даюць.

Трымаюся, бо работа па мерках Магілёва высокааплатная. Дачку я адна гадую. Была і група кругласутачная ў садку, і начоўкі па сваяках і сябрах з няпоўных трох год.

Ніякіх грашовых дапамог не атрымліваю. А жыць удваіх за 2—3 мільёны выхавацелькі ў садочку ці псіхолага ў школе не хачу. Галеча — гэта страшна.

Праца ў школе не прыносіла мне ні матэрыяльнага дабрабыту, ні маральнага задавальнення. Усведамленне таго, што рэальна нічым не можаш дапамагчы тым, каму дапамагаць покуль яшчэ мае сэнс, неабходнасць адной увечары цягацца па хатах алкаголікаў без святла, ісці супраць свайго сумлення таксама не надавала аптымізму. Гэта не я абрала працу, а яна мяне.

— Які заробак у Магілёве цяпер лічыцца добрым? На якіх пасадах яго атрымліваюць?

— Для жанчыны — мільёнаў пяць і вышэй. Магілёў — даволі карумпаваны горад. Часта заробак залежыць не столькі ад пасады, колькі ад сацыяльнага статуса і сувязяў. Удала працаўладкавацца без знаёмстваў на заробак, большы за 2,5—3 мільёны, нерэальна.

Чалавек нікому нічога не павінны

— Раскажы пра сваю дачку. Ты выхоўваеш яе моцнай ці слабой, здольнай пастаяць за сябе ці пяшчотнай? Кім ты яе бачыш у дарослым жыцці?

— Зваць яе Міхаліна. У яе залатыя рукі. Я мару, каб яна стала ювелірам, у яе да гэтага, здаецца, ляжыць душа. Добра вучыцца, амаль без маёй дапамогі. Я не правяраю штодня ўрокі, не вымагаю дзясятак па ўсіх прадметах. Геніяў адзінкі, а сляпых, крывых і нервовых падлеткаў — паўкраіны. Вышэй галавы не скокнеш.

А наконт «павінна быць моцнай ці слабой», дык жанчына, як і мужчына, нікому нічога не павінны. Не павінны быць ні галавой, ні шыяй, ні іншымі часткамі цела. Чалавек павінны несці адказнасць найперш за сваё жыццё. Іначай ператвараешся або ў ахвяру, або ў расліну­паразіта — абедзве пачварныя істоты.

Мне не хацелася б бачыць некалі побач з сабою саракагадовую капрызулю. Ніхто не жыве два вякі. Калі яна будзе самастойнай, мне будзе жыць і паміраць спакайней.

Не блытайце аптымізм з легкадумнасцю

— Паэтка Юлія Цімафеева — і жонка твайго канкурэнта за прэмію Гедройця Альгерда Бахарэвіча — пакеплівала з твайго выказвання пра карысць прымусовага размеркавання.

— Я не мела на ўвазе кагось канкрэтна. Проста пад размеркаванне і службу ў войску звычайна падпадае моладзь, якая мала чаго харошага бачыла. А карысна было б маладым ды раннім, якія пакуль што няблага ўладкаваліся, дзякуючы бацькам ці шчасліваму выпадку. Не надта напружваюцца на працы, ні за што не адказваюць, а зарабляюць няблага. У вольны час падарожнічаюць па замежжы, сядзяць у сацыяльных сетках. І лічаць, што гэта дае ім права лічыць сябе каралямі джунгляў, а ўсіх астатніх — аўтсайдарамі, якія самі вінаватыя ў сваіх праблемах, бо пазітыву не бачаць.

Размеркаванне карыснае, каб зразумець, чаго яны вартыя самі па сабе, якое насамрэч існаванне па-­за зонай іхняга камфорту. Лепш пачнуць разумець жыццё і людзей.

Сапраўдны скандал — гэта не беспакараныя дражнілкі ў інтэрнэце, а калі твары б’юць і хаты паляць.

Для сваякоў безнадзейнага хворага «не заганяйся» — не найлепшы варыянт парады. А аптымізм не варта блытаць з легкадумнасцю і пафігізмам.

Невядома, што каго чакае

— Ты зачапілася за словы Марыйкі Мартысевіч, для якой паездка ў электрычцы — гэта экстрым. Ты бачыш у гэтым адарванасць ад жыцця?

— Павольнае сталенне, цяплічныя ўмовы і зашмат інтэрнэту. Я мела на ўвазе, што ў кожнага сваё жыццё, свой досвед. Цяжка зразумець тое, з чым не стыкаўся. А стыкнуцца, мажліва, яшчэ прыйдзецца. Невядома, што каго далей чакае. Перакананне, што ўсё залежыць ад цябе, узяў бога за бараду раз і назаўсёды — толькі мроя.

— Скажы, ты шчаслівая? Была шчаслівая? Будзеш шчаслівая? Калі?

— Была. Мажліва, яшчэ буду. Калі — не ведаю. Дакладна дазнаюся, як паміраць збяруся. А цяпер я, хутчэй, проста стомленая.

Бліц

— Магілёў для цябе гэта…

— Абласны цэнтр, кіламетраў 120 ад Бабруйска.

— Мінск для цябе…

— Той жа Магілёў, толькі з трамваямі і метро.

— Твой любімы колер?

— Калі апранаць, дык барвовы, калі дзівіцца, дык жоўты.

— Твая любімая страва?

— Таматны сок, салёная паляндвічка.

— Адпачынак для цябе гэта…

— Збор грыбоў па лесе ці сяброўская бяседа, калі душа карнавалу жадае.

— Вера для цябе гэта…

— Перамога над уласным адчаем.

— Здрада для цябе гэта…

— У шпіянажы не ўдзельнічала.

— Быць багатым — гэта колькі?

— Калі табе хапае.

— Усход Беларусі пачынаецца дзе?

— Ужо не Смаленск, яшчэ не Магілёў.

— Захад Беларусі пачынаецца дзе?

— Пэўна, Бабруйск з Асіповічамі да яго бліжэйшы, чым Бялынічы са Шкловам.

— Самы страшны дзень у тваім жыцці…

— Цяжка выбраць, бо хапала.

— Самы радасны дзень у тваім жыцці…

— Пэўна той, калі пацвердзілі, што мая дачка здаровай нарадзілася.

— Бог ёсць? Дзе?

— У лясных гушчарах, перасохлых балотах, блакіце нашых азёраў.

— Ці будзе вайна?

— Халодная грамадзянская даўно ўжо ва ўсю ідзе.

— Што будзе пасля нас?

— Жалобны стол, на якім камусьці з далёкай радні абавязкова бліноў з тварагом не хопіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?