Учора партал tut.by паведаміў пра інцыдэнт у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Адзін з чытачоў сайтаў стаў сведкам падзення беспілотніка каля вёскі Картыжы. Ён змог нават сфатаграфаваць лятальны апарат. Паводле відавочцы, літаральна праз дзесяць хвілін пасля падзення з’явіліся беларускія вайскоўцы.

Мы запыталіся вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, што гэта магло быць.

«Па акругласці крыла можна прыйсці да выснову, што гэта расійскі беспілотнік «Птэра СМ» (назва, мабыць, пайшла ад птэрадактыля). Такія беспілотнікі маюць салідную далёкасць — 500—800 кіламетраў. У паветры яны могуць знаходзіццца да шасці—васьмі гадзін, а ўвышыню падымацца — да трох кіламетраў. Такія апараты ёсць у карыстанні расійскага МУС і МНС.

Збіты ж ён быў, найхутчэй, зенітна-ракетным комплексам «Ігла». Справа ў тым, што «Ігла» перанасны, а не гусенічны комплекс. Яго лёгка можна перамяшчаць у аўтамабілі. Ён вельмі мабільны і даставіць яго ў патрэбны пункт не складае цяжкасці.

На мой погляд, гэта магла быць спланаваная аперацыя. Беспілотнік, магчыма, засякалі не першы раз. Таму арганізавалі такую засаду. Асабліва ўлічваючы той факт, што вайскоўцы прыбылі на месца вельмі хутка.

Адкуль з’явіўся гэты беспілотнік? У мяне ёсць некалькі версіі, пачну ад найбольш імавернай да найменш.

Першая версія. З дапамогай беспілотніка «Птэра СМ» расійскі бок сочыць за патокам кантрабанды на беларускай мяжы. Гэта асабліва актуальна пасля таго, як у Расіі сталі дзейнічаць санкцыі на забарону прадуктаў з Еўрапейскай Саюзам. Таму ён мог залятаць на беларускую тэрыторыю. Але без узгаднення з беларускім бокам.

Другая версія. Беспілотнік страціў кіраванне, і рухаўся аўтаматычна. Такія выпадкі не рэдкія.

Трэцяя версія. Праверка нашай СПА пасля выпадку са шведскім самалёцікам. Але супраць гэтай версіі паказвае тое, што ўсё адбывалася не на палігоне, а на адкрытай мясцовасці.

Ну і, нарэшце, чацвертая версія, самая малаімаверная. Расійскі беспілотнік выкарыстоўваўся ў шпіёнскай працы. Я лічу гэта найменш імаверным, бо мяжа і так адкрытая, таму прайсці яе і аглядзець патрэбныя мясцовасці не складае цяжкасці. Плюс да ўсяго я не памятаю, каб тэрыторыі Усходняй Магілёўшчыны былі нейкія стратэгічныя аб’екты».

У Міністэрстве абароны, як паведамляе агенцтва БЕЛТА, адзначылі, што на дадзены момант займаюцца вывучэннем пытання і адмовіліся ад каментароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?