У суботу позна вечарам у нямецкім Нюрнбэргу прайшоў баксёрскі бой між беларусам Сяргеем Ляховічам і расейцам Мікалаем Валуевым. Яны вызначалі афіцыйнага прэтэндэнта на чэмпіёнскі пояс па вэрсіі WBA.

Беларус некалі валодаў чэмпіёнскім поясам WBО, аднак згубіў яго напрыканцы 2006 году, саступіўшы накаўтам амэрыканцу Шэнану Брыгсу. З таго моманту Ляховіч не правёў ніводнага бою, трэніруючыся і лечачы свае траўмы. Бой з Валуевым мусіў вызначыць суперніка ўзбэка Руслана Чагаева, які абараняе свой тытул.

На жаль, суботнім вечарам роўны бой між Ляховічам і Валуевым не атрымаўся. «Расейскі велікан» упэўнена кантраляваў хаду паядынку. Перамогу Валуеву аддалі ўсе судзьдзі.

Падчас трансьляцыі на тэлеканале БТ было бачна, што Сяргей Ляховіч фактычна не ўжывае ўдары правай рукой, а таксама практычна ёй не абараняецца. Пасьля бою «Белы воўк» прызнаўся, што яшчэ два тыдні таму траўміраваў руку. «Дзікі боль не дазваляў паўнавартасна баксіраваць», – прызнаўся Ляховіч.

Такім чынам, можна лічыць нават подзьвігам, што беларус вытрымаў цэлы бой супраць Валуева, не саступіўшы накаўтам. Цяпер Ляховіч зьбіраецца залячыць траўмы і зноў вярнуцца на рынг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?