Джэб Буш, сын і брат двух былых прэзідэнтаў ЗША, назваў Уладзіміра Пуціна «бязлітасным прагматыкам», якога трэба спыніць.
AP
Пра гэта ён заявіў у Берліне, дзе прыняў удзел у эканамічным форуме, арганізаваным ХДС, партыяй канцлера Ангелы Меркель.
Экс-губернатар Фларыды, як чакаецца, абвесціць на наступным тыдні пра намер змагацца за Белы дом у 2016 годзе. Буш рэзка крытыкуе палітыку Барака Абамы, якая не здолела прадухіліць крызіс ва Усходняй Еўропе, справакаваны анэксіяй Крыма Расіяй.
Слоўныя атакі на Пуціна і яго рэжым, як паведамляецца, стануць лейтматывам еўрапейскага турнэ Джэба Буша, які наведае таксама Польшчу і Эстонію.
Як і большасць рэспубліканцаў, Буш падтрымлівае ідэю паставак зброі Украіне.
Перадвыбарная прамова ў Берліне
Джэб Буш заявіў у Берліне, што ў выпадку яго перамогі на выбарах у 2016 ЗША прыкладуць больш важкія намаганні, каб спыніць «агрэсію Уладзіміра Пуціна» ва Украіне і ва Усходняй Еўропе.
«Хто б сумняваўся, што Расія будзе і далей рабіць усё, што ёй уздумаецца, калі яе агрэсія застанецца без адказу», — цытуе Буша New York Times.
Ён сказаў, што будзе імкнуцца «ізаляваць карумпаванае кіраўніцтва [Пуціна] ад народа». Народ Расіі Буш назваў «ахвярай безразважных паводзін» яе прэзідэнта.
Пуцін, сказаў Буш, — «жорсткі прагматык, які будзе праціскаць сваё, пакуль хтосьці не націсне у адказ».
ЗША і Еўропа, на думку Буша, павінны прэвентыўна стрымліваць «агрэсію, якой мы асцерагаемся з боку Расіі», а не рэагаваць постфактум, што толькі заахвочвае «благія паводзіны Пуціна». «Расія павінна паважаць суверэнітэт усіх сваіх суседзяў», — заявіў экс-губернатар.