Яго асноўныя палажэнні ўступаюць у сілу з 1 ліпеня 2016 года. Пра гэта паведамляе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Выбраць альтэрнатыўную службу змогуць тыя, хто не можа насіць зброю з-за рэлігійных перакананняў.

Яны будуць праходзіць службу ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, у арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгуначных шляхоў, пры ліквідацыі стыхійных і тэхнагенных бедстваў.

Для замены вайсковай службы на альтэрнатыўную трэба не пазней чым за 10 дзён да канца прызыву звярнуцца з пісьмовай заявай у прызыўную камісію.

Гэта заява будзе разгледжана на пасяджэнні прызыўной камісіі ў прысутнасці заяўніка. Акрамя таго, на такое пасяджэнне могуць быць запрошаны «прадстаўнікі рэлігійных і іншых арганізацый, іншыя грамадзяне, якія могуць даць тлумачэнні па сутнасці заявы». Калі прызыўная камісія палічыць падставы дастатковымі, яна дазволіць прайсці альтэрнатыўную службы замест звычайнай.

Арганізацыю, у якой грамадзянін будзе праходзіць альтэрнатыўную службу, а таксама дату пачатку праходжання альтэрнатыўнай службы будзе вызначаць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Асобы з вышэйшай адукацыяй будуць служыць 24 месяцы, без вышэйшай адукацыі — 36 месяцаў.

Альтэрнатыўнікам будуць плаціць 150% ад найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (памер БМП на сёння складае 1 474 870 рублёў, таму альтэрнатыўнік будзе атрымліваць каля 2,1 мільёна). З 13-га месяца службы ўтрыманне павышаюць на 20% бюджэту пражытковага мінімуму, з 25-га месяца — на 40%.

Закон забараняе «альтэрнатыўнікам» браць удзел у забастоўках, займацца паралельна іншай аплатнай дзейнасцю ці працай, ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць.

Звальняюць з альтэрнатыўнай службы па хваробе (у выпадку прызнання непрыдатнымі да ваеннай службы ў мірны час) або ў выпадку пазбаўлення волі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0