Андрэй Сакалоўскі выклікаў міліцыю на п'янага.

Андрэй Сакалоўскі выклікаў міліцыю на п'янага.

У Рэдакцыю звярнуўся Андрэй Сакалоўскі з вёскі Дзераўная Слонімскага раёна. Ён сцвярджае, што яго збіў маёр.

«У суботу днём, 6 чэрвеня, мой сусед, які любіць выпіць, выйшаў у гарод і пачаў мацюкацца, у тым ліку на мой адрас. Ад суседа патыхала алкаголем, ён хістаўся. Дзесьці праз гадзіну мне гэта надакучыла і я выклікаў міліцыю. Прыехалі яны праз гадзіну. Суседа пасадзілі ў машыну і павезлі. Як сказалі, на абследаванне ў слонімскую бальніцу. А я бачу, што яны паехалі не ў бок горада. Сеў тады на сваё аўто і паехаў за імі. Знайшоў іх на калгасных майстэрнях: яны хадзілі па вуліцы. Калі ўбачылі мяне, селі ў машыну. Мне не адказвалі, што яны там робяць. І паехалі ў бок горада. Я паехаў за імі. Спыніліся на дарозе і хвілін дзесяць проста стаялі».

Андрэй палічыў, што яны наўмысна зацягвалі час, каб адтэрмінаваць момант экспертызы, і таму паехаў за імі.

«На ўездзе ў горад на запраўцы яны сталі ў чаргу. Я дастаў фотаапарат і пачаў здымаць. Спытаўся, што яны робяць. Тады з машыны выйшаў маёр, схапіў мяне за руку. Я не чакаў, што ён пачне на мяне нападаць. Выскачыў і кіроўца і пачаў мне закручваць рукі. Я спалохаўся і пачаў клікаць на дапамогу. Падышлі мужчыны. Тады міліцыянты мяне адпусцілі і з’ехалі».

Частку эпізода ён зняў на відэа.

Андрэй кажа, што пасля здарэння патэлефанаваў на 102. Яму прапанавалі пад’ехаць у аддзяленне. Але адмовіўся — пабаяўся. Кажа, што зняў пабоі (сінякі засталіся на руцэ) і напісаў заяву ў Следчы камітэт.

— Не зусім яго [Сакалоўскага] учынкі адпавядаюць заканадаўству. Шмат у яго правоў, але абавязкаў сваіх не бачыць. Я магу сказаць, калі міліцыя выехала, яна адрэагавала. Калі быў зроблены зварот, то мы давялі да канца, — заявіў начальнік Слонімскага РАУС Аляксандр Трухан. — Матэрыялы ўсе ў нас зарэгістраваны — праводзім праверку. Ён тры заявы напісаў. Грамадзянін медыцынскі агляд прайшоў. І кажа, што яго збіў [Сакалоўскі], мы далі накіраванне на цялесныя пашкоджанні. Чагосьці звышнатуральнага, як падносіцца, тут няма. Ён сам па сабе канфліктны чалавек. І шмат яго заяў разглядаем, — кажа Трухан. — У маім разуменні, ён сам шукае канфлікту. У нас яшчэ ёсць матэрыялы праверкі наконт таго, што ён раней заяўляў. Праверкі праводзяцца. Гэты грамадзянін не хоча ўстанавіць ісціну, а хоча канфлікту, — мяркуе начальнік міліцыі.

Такім чынам, разбірацца ў сітуацыі будзе Следчы камітэт. 

Дарэчы, у кастрычніку 2014 у інтэрнэт трапіла відэа, на якім інспектар ДАІ ў форме, але не на службовай машыне, у Полацку спыніў аўто на мінскіх нумарах і абмацюкаў кіроўцу. Гісторыя скончылася тым, што супрацоўнік Расонскага РАУСа, які трапіў у скандальнае відэа, напісаў рапарт на звальненне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?