Пра выпадак паведаміла ў сваім фэйсбуку Ніка Мазуркевіч.
«Пра цэнтр друку «Аловак» («Карандаш»), што на плошчы Незалежнасці ў Мінску, — напісала яна. — Замовіла там друк запрашэнняў на цырымонію ўручэння сёлетняй прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава (дарэчы, 20.06 у Бычках, на малой радзіме пісьменніка, пройдзе імпрэза).
«Сігнальны» асобнік вывелі яны, а мы нават грошы заплацілі. І тут – стоп: «Пачакайце!». Прыйшоў «галоўны» і згарнуў працэс.
Маўляў, трэба 30 дзён на разгляд заўякі на замову! Гэта пры тым, што Рух «За Свабоду» – зарэгістраваная арганізацыя, імпрэза дазволеная ўладамі, Быкаў – народны пісьменнік, а змест запрашэння – выключна запрашальны».
Карэспандэнту «Нашай Нівы» ў ДЦ «Карандаш» у каментарах на гэты конт адмовілі і прапанавалі звярнуцца ва ўстаноўленым парадку: г.зн. адправіць пісьмовы запыт, які можа звяртацца да 15 дзён.