У Петрыкаўскім раёне парушальнік ПДР ўцякаў ад ДАІ на трактары ў лесе, паведамілі ў ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама.

Гонкі па перасечанай мясцовасці зладзіў, сыходзячы ад пагоні экіпажа Дзяржаўтаінспекцыі, механізатар КСУП «Запаветы Ільіча» Петрыкаўскага раёна.

На трактары «Беларус» працаўнік гаспадаркі ў гэты дзень араў поле каля вёскі Палессе. Увечары па шляху руху сельгастэхнікі ў парк рэйдавая група РАУС вырашыла праверыць у трактарыста дакументы. Аднак замест спынення той ударыў па газах і, з'ехаўшы на поле, ірвануў да суседняй вёскі Бабунічы.

Калі патрабаванне аб спыненні трактара механізатар у чарговы раз праігнараваў, адзін з дзяржаўтаінспектараў зрабіў папераджальны стрэл у паветра. Але і гэта не працверазіла ўцекача: трактар узяў курс на бліжэйшую лесапаласу, змятаючы на сваім шляху не толькі кусты, але і дрэвы. Пагоня працягвалася каля двух гадзін. Трактар заглух, не здолеўшы праскочыць паміж двума дрэвамі.

У прамым сэнсе адлавіць спрытнага механізатара міліцыянты змаглі толькі на вуліцы Бабунічы, куды ён уцёк, кінуўшы трактар. Пры затрыманні ён аказаў непадпарадкаванне праваахоўнікам, прымусіўшы іх прымяніць спецсродкі.

Усяго на парушальніка складзена 6 адміністрацыйных пратаколаў. Агульная сума прад'яўленых штрафных санкцый — Br11 млн. Яшчэ адзін штраф — 3 базавыя велічыні (адна БВ роўная Br180 тыс.) — Петрыкаўскі раённы суд прызначыў вяскоўцу за непадпарадкаванне работнікам міліцыі. Акрамя таго, мужчына на 3 гады пазбаўлены правоў на кіраванне транспартным сродкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?