Прэм'ер Грэцыі Алексіс Цыпрас і прэзідэнт ЕК Жан-Клод Юнкер. Фота Ройтэрз

Прэм'ер Грэцыі Алексіс Цыпрас і прэзідэнт ЕК Жан-Клод Юнкер. Фота Ройтэрз

Міжнародны валютны фонд рэзка ўзняў стаўкі на безвыніковых перамовах з Грэцыяй у чацвер, перадае агенцтва Ройтэрз. Дэлегацыя МВФ пакінула перамовы ў Брусэлі і адправілася дахаты, спасылаўшыся на неадольныя супярэчнасці з Афінамі.

У той жа час прэзідэнт Еўрапейскай рады Дональд Туск выступіў з беспрэцэдэнтна рэзкім пасланнем кіраўніцтву Грэцыі. «Часу для гульняў больш няма. Я баюся, што набліжаецца дзень, калі нехта скажа, што гульня закончана», — сказаў Туск на прэс-канферэнцыі пасля саміту ЕС — Лацінская Амерыка, на палях якога адбываліся інтэнсіўныя перамовы з грэчаскім прэм'ерам Цыпрасам.

Туск сказаў, што Афінам трэба быць «больш рэалістычнымі».

Грэцыі неабходныя новыя крэдыты, каб расплаціцца па старых. Інакш ёй можа пагражаць дэфолт ужо ў канцы чэрвеня. Такі дэфолт можа прывесці да выхаду Афін з еўразоны, а гэта, у сваю чаргу, можа мець непрадказальныя наступствы для курсу еўра і сусветнай эканомікі.

Крызіс быў выкліканы тым, што ранейшыя ўрады Грэцыі фальшавалі статыстыку, беручы новыя і новыя крэдыты, каб уздымаць жыццёвы ўзровень насельніцтва. У выніку краіна апынулася на мяжы банкруцтва. А раз бо краіна ў еўразоне, то праблемы Элады сталі праблемамі ўсёй Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?