Джэк Дорсі, часовы гендырэктар Twitter з ліпеня. Фота: Art Streiber

Джэк Дорсі, часовы гендырэктар Twitter з ліпеня. Фота: Art Streiber

Гендырэктар Twitter Дык Кастола пакіне сваю пасаду з 1 ліпеня, паведамляе кампанія. Яго месца прынамсі часова зойме заснавальнік і першы гендырэктар сацсеткі Джэк Дорсі, сам Кастола застанецца ў радзе дырэктароў.

На думку Wall Street Journal, кіраўніцтва Twitter знаходзілася пад ціскам інвестараў праз нізкія тэмпы росту.

За апошні год штомесячная наведвальнасць сацсеткі вырасла на 18%, але выручка за першы квартал 2015 года была ніжэй за чаканыя паказнікі (чыстыя страты склалі 162 млн даляраў). Пасля абвяшчэння аб змене гендырэктара акцыі Twitter падскочылі з 35,83 да 39,29 даляраў.

Новага гендырэктара будзе шукаць камітэт рады дырэктароў. Дорсі, які часова вернецца на пасаду гендырэктара, будзе вымушаны сумяшчаць Twitter з працай над уласнай плацёжнай сістэмай Square. Як падкрэсліў Кастола, Дорсі — аптымальны гендырэктар для «пераходнага перыяду».

Twitter практычна здыме абмежаванне на колькасць знакаў у прыватных паведамленнях — замест 140 знакаў цяпер можна адсылаць да 10 тысяч знакаў за раз.

Памер уласна твітаў не зменіцца.

Змены набудуць сілу таксама з ліпеня. Ці звязаныя яны са зменай кіраўніцтва, невядома. Аб планах кшталту стварэння асобнага мэсэнджара (як то зрабіў Facebook) Twitter пакуль не заяўляў.

***

Twitter быў заснаваны (пад назвай twttr) Джэкам Дорсі ў 2006 годзе як сэрвіс публікацыі тэкставых статусаў. З цягам часу ён разросся да сацсеткі з фота і відэа, афіцыйнымі старонкамі акцёраў, палітыкаў і музыкаў. На сёння Twitter мае 300 млн актыўных карыстальнікаў штомесяц, яны публікуюць 500 млн твітаў на дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?