Праграма, якая носіць назву "Падарожжа Бергмана на Усход", арганізавана аддзяленнем пасольства Швецыі ў Мінску, Шведскім інстытутам, УП "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама і часопісам "Where Minsk" у межах сумеснага арт-праекта "Абсалютнае кіно".
Як паведаміла БелаПАН каардынатар праграм аддзялення пасольства Швецыі ў Мінску Алена Касько, у межах рэтраспектывы будзе прадстаўлена 8 гульнявых і адна дакументальная стужка. Адкрые праграму 18 лютага дакументальны фільм "Востраў Бергман" рэжысёра Мары Нірэрод. Гэтая работа прысвечана творчаму і жыццёваму шляху шведскага рэжысёра: у фільм уключана мноства ўрыўкаў з лепшых фільмаў Бергмана, а таксама унікальны матэрыял з прыватных архіваў.
У праграму таксама ўключаны мастацкія фільмы І.Бергмана: "Жанчыны чакаюць", "Лета з Монікай", "Жаночыя мары", "Каля вытокаў жыцця", "Не кажучы ўжо аб усіх гэтых жанчынах", "Шэпты і крыкі", "Восеньская саната", "Фані і Аляксандр". Фільмы будуць дэманстравацца на мове арыгіналу з перакладам на беларускую мову. Пачатак усіх паказаў — у 19.00. Сеансы без перакладу (з субтытрамі на англійскай мове) пройдуць у 17.00.