Беларусь увайшла ў дзясятку найгоршых краін для працоўных паводле версіі Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП). Такія звесткі ўтрымліваюцца ў глабальным індэксе па правах працоўных за гэты год, які МКП прэзентавала 10 чэрвеня на 104-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе. Вынікі даследавання таксама апублікаваныя на сайце Усееўрапейскага рэгіянальнага савета МКП.

Акрамя Беларусі ў катэгорыю найгоршых для працоўных краін таксама аднесеныя Гватэмала, Егіпет, Катар, Кітай, Калумбія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Пакістан, Саудаўская Аравія і Свазіленд.

У агульным краінавым рэйтынгу абароны правоў працоўных Беларусь заняла 12-е месца са 141-га і была вызначаная ў пятую з шасці катэгорый як дзяржава, дзе не гарантуецца выкананне правоў працоўных. У гэтую катэгорыю аднесеныя 27 краін Азіі, Афрыкі, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, Ціхаакіянскага рэгіёну і Еўропы, у прыватнасці Беларусь, Украіна і Грэцыя.

Найбольш спрыяльная сітуацыя з абаронай правоў працоўных адзначаная ў 16 краінах, уключаючы Фінляндыю і Уругвай. Тут у 2015 годзе назіраліся толькі адзінкавыя парушэнні правоў. У 26 краінах, у тым ліку Ірландыі і Японіі, былі зафіксаваныя паўторныя парушэнні правоў працоўных. Рэгулярныя парушэнні адзначаліся ў 36 краінах, у тым ліку ў Аўстраліі і Ізраілі. Сістэмныя парушэнні складальнікі індэкса выявілі ў 27 дзяржавах, сярод якіх Польшча і ЗША. Катастрафічная сітуацыя адзначаная ў дзевяці краінах, у тым ліку ў Сірыі, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і Палесціне, дзе гарантыі правоў працоўных адсутнічаюць з прычыны парушанай сістэмы вяршэнства законаў.

Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў збірае звесткі аб парушэннях правоў працоўных у свеце больш як 30 гадоў. Сёлета МКП у другі раз прэзентавала вынікі свайго даследавання ў выглядзе глабальнага індэкса, які вызначаецца па 97 паказчыках і ўлічвае ўзровень абароны працоўных правоў на заканадаўчым узроўні і на практыцы. Гэтае даследаванне прызначанае для прадстаўнікоў бізнесу і ўрадаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?