Польскага журналіста «Радыё Рацыя» Радаслава Дамброўскага не пусцілі на тэрыторыю Беларусі памежнікі, патлумачыўшы гэта тым, што ён знаходзіцца «ў спісе неўязных у Беларусь».

«Калекцыя расце. Васямнаццаць месяцаў таму я не атрымаў візу. Сёння я хацеў у дружным калектыве журналістаў і аматараў турызму скарыстацца прапанаваным бязвізавым перасячэннем мяжы ў Белавежскай пушчы. Такім чынам, не маючы падобнага намеру, я стаў першым у гісторыі бязвізавага рэжыму чалавекам, якому было адмоўлена ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь. Штамп яснага і сакавітага колеру», – напісаў Радаслаў Дамброўскі на сваёй старонцы ў Facebook.

Дамброўскі накіроўваўся ў Белавежскую Пушчу разам з групай польскіх журналістаў і турыстаў. Варта нагадаць, што з 12 чэрвеня ў Белавежскай пушчы дзейнічае аднабаковы бязвізавы рэжым. Грамадзяне краін Еўрапейскага Саюза могуць наведаць беларускую частку Белавежскай пушчы і знаходзіцца на яе тэрыторыі не больш за 3 дні, папярэдне атрымаўшы дазвол і выкупіўшы квіткі найменш на дзве турыстычныя прапановы.

Але сёння ўжо з першай групы турыстаў, якія вырашылі скарыстацца гэта шчодрай прапановай Беларусі, адзін чалавек не атрымаў дазволу на перасячэнне беларускай мяжы. Што дзіўна, па словах «Радыё Рацыя», папярэдне турбюро, якое арганізоўвала экскурсію, паведамляла, што з уездам на тэрыторыю Беларусі праблем быць не павінна.

«Папярэдне турбюро, якое арганізавала сёння першую гістарычную – як тут яе ўжо назвалі – экскурсію, афармляла пропускі ад Белавежскай пушчы, якія даюць магчымасць уезду ў Беларусь да трох дзён без візы. І на гэтым этапе нічога не было сказана пра тое, што ва ўездзе адмоўлена. Хоць ведаю, што Белавежскі нацыянальны парк з беларускага боку кансультуе папярэднія пропускі з памежнай аховай. Таму беларускія памежнікі не мелі ніякіх засцярогаў. Але сёння падчас праверкі дакументаў аказалася, што я – неўязны, атрымаў пячатку «ўезд забаронены», – расказаў пасля сам Радаслаў Дамброўскі.

Пасля гэтага выпадку журналіст мае намер звяртацца ў беларускія дыпламатычныя органы з просьбай патлумачыць прычыну забароны ўезду на тэрыторыю Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?