12 чэрвеня ў 23-й гімназіі г. Мінска прайшоў выпускны вечар. Адукацыйная ўстанова мае асаблівы статус: у гімназіі цалкам беларускамоўнае выкладанне. Беларуская мова, нацыянальныя строі і песня Вольскага ў відэарэпартажы Нашай Нівы.

Некаторыя выпускнікі і бацькі апранулі нацыянальныя строі, выпускны вечар ішоў на беларускай мове. Паўсюль веяла беларускасцю, атмасфера выпускнога балю была вельмі цёплай і прыязнай.

Калі апісаць выпускны вечар адным словам, то гэта — шчырасць. Вучні вельмі любяць сваю класную кіраўніцу, сваіх настаўнікаў, сваю гімназію. Слёзы каціліся па шчоках, гэта былі шчырыя і сапраўдныя слёзы выпускнікоў, бацькоў, настаўнікаў. Прыязная атмасфера — гонар для кожнага калектыву. Калі глядзіш на гэтых выпускнікоў, прыходзіш да разумення, што ў гэтай гімназіі ўсё атрымалася.

Трэба адзначыць, што беларуская мова гучала не завучанай, не нацягнутай, а мілагучнай, узорнай і прыгожай. Такую павагу да роднай мовы і гісторыі пабачыш не штодзённа і не паўсюль.

Вось, напрыклад, дзяўчаты-выпускніцы апранулі нацыянальныя строі на выпускны.

«На апошні званок мы замаўлялі выпускныя стужкі з нацыянальным арнаментам ад symbal.by, а на выпускны вечар вырашылі апрануць сукенкі з нацыянальным арнаментам».

А вось сям’я, якая з гонарам апранула вышыванкі на выпускны сваёй дачкі.

«Мы 11 гадоў рыхтаваліся да выпускнога, і, раз бо мы беларусы, — апранулі вышыванкі».

Выпускны пакінуў вельмі добрыя ўражанні і таму хацелася пажадаць будучым студэнтам, а пасля спецыялістам, сачыць за сваімі ўчынкамі, імкнуцца не рабіць памылак і знайсці сваё месца ў жыцці!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?