Беларусь гатова адыграць значную ролю ў развіцці міжнароднага спартыўнага руху, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы 13 чэрвеня ў Баку з прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта Томасам Бахам

«Мы члены еўрапейскай сям'і. Еўропа — наш агульны дом. Таму нам давядзецца, як краіне маладой і амбіцыйнай, адыгрываць адпаведную ролю, у тым ліку і ў спорце. Тым больш што спорт — гэта наш прыярытэт у краіне», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. 

«Нашы прынцыпы, якія мы спавядаем у палітыцы, вельмі сугучныя прынцыпам, якія спавядае Міжнародны алімпійскі камітэт. Мы абсалютна інтэрнацыянальная, шматканфесійная, шматнацыянальная краіна, дзе ўсе жывуць у міры і згодзе»,— падкрэсліў беларускі кіраўнік. 

Лукашэнка прапанаваў МАК больш надаваць увагі развіццю спорту ў тых краінах, якія развіваюцца ў гэтым кірунку. «Так, у нас ёсць агульнапрызнаныя лідары ў сусветным спорце, але трэба падтрымліваць краіны, якія развіваюцца. Ведаю, што такія ідэі ў МАК існуюць. Мы гатовы з вамі разам працаваць на практыцы, каб гэтай ідэі надаць большы дынамізм», — сказаў ён. 

Кіраўнік дзяржавы таксама падзякаваў Томасу Баху за тую ролю, якую ён адыгрывае ў міжнародным алімпійскім руху і ў цэлым у міжнародным спорце: «Я вельмі задаволены, што ў МАК, па-першае — спецыяліст, а па-другое — чалавек, які жадае развіваць спорт і садзейнічаць гэтаму развіццю». 

У сваю чаргу Томас Бах адзначыў, што рады магчымасці сустрэцца з прэзідэнтам Беларусі.

«Упэўнены, што вы і беларуская каманда адыграюць важную ролю ў гісторыі і правядзенні першых Еўрапейскіх гульняў», — сказаў ён. 

Суразмоўцы таксама абмяняліся меркаваннямі наконт цырымоніі адкрыцця першых Еўрапейскіх гульняў, што адбылася напярэдадні. Лукашэнка заявіў, што «цырымонія яму вельмі спадабалася, усё было арганізавана спакойна, але з сэнсам», паведамляе прэс-служба.

«Там не было вялікіх амбіцый і для мяне гэта вельмі прымальна», — сказаў ён. 

«Згодны з вамі, што цырымонія прайшла дастаткова спакойна. У той жа час яна несла сімвалічны сэнс, апісвала гісторыю краіны», — дадаў Бах. 

Пасля завяршэння сустрэчы Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэзідэнту МАК ордэн Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі «за выключныя заслугі ў развіцці алімпійскага руху, масавага спорту і спорту вышэйшых дасягненняў у Беларусі, а таксама за асаблівыя заслугі ў прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў алімпізму, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця», паведамляе прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?