«Наша Ніва» пагутарыла з Арсланам Маткарымавым, які вучыцца ў Эканамічным універсітэце па спецыяльнасці «міжнародныя эканамічныя адносіны».

— Вось Вы прыехалі ў Беларусь. Што Вас ўразіла адразу? Што кідалася ў вочы? Што ўразіла пазітыўна, а што — негатыўна? Пра што вы падумалі: вось калі б так у Туркменіі, як у Беларусі? А пра што, наадварот, падумалася, «ну не дай Алах, каб так сталася ў нас у Туркменіі»?

— Уразіла прырода Беларусі. Яе зялёныя прасторы, чыстае паветра, дабрыня людзей. А негатыўна мяне Беларусь нічым не ўразіла. Толькі станоўчыя эмоцыі.

— Што можаце сказаць пра ўніверсітэт, у які трапілі?

— Тое ж самае — маса добрых уражанняў. Разумею, што ім цяжка з намі, замежнікамі. Але яны заўсёды рады нас бачыць. І наш інтэрнат вельмі добры, рэканструяваны толькі летась.

— А як Вы трапілі туды? Хто ў Туркменіі вырашае, хто з абітурыентаў куды трапіць? На падставе чаго гэта вырашаецца?

— Яшчэ школьнікам я цвёрда вырашыў, што атрымліваць вышэйшую адукацыю буду менавіта ў Мінску.

Кожны сам выбірае, дзе яму атрымліваць вышэйшую адукацыю. Менавіта таму, я і прыехаў сюды.

— Не сакрэт, што ёсць стэрэатып, маўляў, туркменскія студэнты ў Беларусі не хочуць вучыцца і не вучацца, бо ведаюць, што іх усё адно не выключаць з універсітэта. Мне сказалі, што вы зусім іншы чалавек, што вы трымаецеся за вучобу і за рэпутацыю. У такім выпадку вы павінны быць гэтакай белай варонай, чорнай авечкай сярод сваіх землякоў-студэнтаў. Гэта так?

— Не, гэта абсалютна не так. Хутчэй наадварот. Я з радасцю дапамагаю сваім землякам, калі тыя маюць якіясьці праблемы з вучобай — і яны вельмі ўдзячныя мне за гэта.

— З негатыўным стаўленнем ў Беларусі сутыкаліся? Праблемы якія-небудзь ўзнікалі?

— Не, ні разу. Але калі і будуць такія канфлікты, то трэба старацца іх пазбягаць.

Першыя два-тры месяцы было цяжка, вядома, адаптавацца да чужой краіны, да таго, што ты далёка ад дома.

— Наколькі вядома, для туркменаў вельмі важныя іх сям'я, род, людзі ведаюць і памятаюць яго. Гэта так? Як і калі вы сустракаецеся са сваякамі? Як гэта адбываецца? Як туркменскія мужчыны выбіраюць жонак? Якая роля жанчын у туркменскім грамадстве?

— Так, маеце рацыю. Для туркменаў — сям'я вышэй за ўсё. Са сваякамі я сустракаюся даволі часта. Клічам сваякоў у госці ці — яны нас.

Калі туркменскі мужчына ўбачыць тую жанчыну, з якой гатовы правесці ўсё жыццё, і ў іх гэта ўзаемна, то яны бяруць шлюб. Што тычыцца ролі жанчын ў туркменскім грамадстве, то, я думаю, адрозненняў ад беларускага як такіх няма.

І трэба ведаць перш за ўсё, што туркмены вельмі прыязныя і ставяцца з вялікай павагай да беларускіх звычаяў і культуры.

Бліц-пытанні

— Мінск для Вас гэта…

— Вельмі прыгожы горад з выдатнай архітэктурай.

— Калі да Вас прыходзяць госці, што вы гатуеце для іх?

— Туркменскі плоў.

— Свабода для Вас гэта…

— Пачуццё, калі табе няма перад кім апраўдвацца. Калі чалавек можа жыць толькі для сябе.

— Якая Ваша самая вялікая мара?

— Знайсці працу, завесці сям'ю.

Гонар Туркменістана — дываны

У сталіцы Туркменістана ёсць нават Музей Дывана.

Кошт туркменскага дывана залежыць ад спосабу яго вырабу. Самыя дарагія дываны — вытканыя ўручную. Людзі звяртаюць увагу і на ўзрост дывана. Лепш за ўсё купляць дываны ў самім Туркменістане!

Рэцэпт туркменскага плову ад Арслана Маткарымава:

Працэс гатавання зойме 60—80 мін.

Інгрэдыенты: мяса 1 кг, рыс 0,5 кг, алей 200 г, морква 0,5 кг, цыбуля 0,5 кг, соль, вада.

Мяса нарэзаць невялікімі кавалкамі, пасаліць і пакінуць хвілін на 30, каб мяса ўвабрала соль і стала мяккім. Па жаданні, мяса можна на дзень пакінуць марынаваць ў цыбулі (пасаліць і змяшаць з вялікай колькасцю цыбулі — і ў халадзільнік).

У чыгунным казане (падыдзе і гусятніца) добра нагрэць алей. Затым пакласці туды мяса, перамяшаць, каб яно не прыліпла (агонь павінен быць сярэднім) і накрыць. Праз 10 хвілін зверху выкласці цыбулю (павінна быць парэзаная буйнымі паўколцамі), не перамешваць, зноў накрыць. Хвілін праз 5—7, калі цыбуля ўжо падсмажылася — яна павінна ледзь-ледзь не дайсці да залацістага колеру — выкласці зверху моркву, нарэзаную саломкай.

Морква смажыцца хвілін 10—12 на агні крыху слабейшым за сярэдні (калі моркву ператрымаць, плоў выйдзе цёмны). Пасля таго як морква прасмажыцца, дадаём прыкладна 0,5 літра кіпеню, солім, агонь яшчэ трохі памяншаем, накрываем і так уся гэтая маса тушыцца на працягу 20 хвілін. За гэты час мыем рыс і кладзем яго па-над усёй масы. Заліваем кіпенем так, каб вада пакрывала рыс на 2—2,5 см. Гэта важна! Калі наліць больш вады, рыс разварыцца, калі менш — будзе цвёрдым.

Пасля таго як рыс залілі вадой, неабходна праткнуць яго драўлянай лыжкай у двух-трох месцах. Самае галоўнае, пасля таго як ўсыпалі рыс — перамешваць нельга!!! Агонь ставім максімальны. Як толькі вада выкіпіць, шчыльна накрываем вечкам (я яшчэ зверху па краі вечка выкладваю мокрым ручніком. Роўна праз 15 хвілін перамешваем толькі рыс, імкнучыся не чапаць мяса. Чакаем яшчэ 15 хвілін — і плоў прыгатаваны. Калі раптам рыс атрымаўся цвердаваты, трымаем яго яшчэ 5—10 хвілін на слабым агні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?