Reuters
Для стрымлівання верагоднай расійскай агрэсіі ў Еўропе спецыялісты абароннага ведамства ЗША прапануюць адправіць у некалькі краін Балтыі і Усходняй Еўропы танкі, баявыя машыны пяхоты і іншую цяжкую тэхніку, а таксама да пяці тысяч салдат.
Пра гэта піша The New York Times са спасылкай на ўласныя крыніцы ва ўрадавых колах.
«Калі рашэнне будзе прынята, упершыню з канца халоднай вайны Злучаныя Штаты дыслакуюць цяжкую ваенную тэхніку ў новых краінах-сябрах НАТА ў Усходняй Еўропе, што некалі былі часткай савецкай сферы ўплыву», — піша выданне.
The New York Times цытуе былога камандуючага аб'яднанымі сіламі НАТА ў Еўропе адмірала Джэймса Стаўрыдзіса, які называе падобныя ідэі «вельмі значнымі зменамі ў палітыцы, якія маюць мэтай супакоіць «перапалоханых саюзнікаў».
Выданне піша, што гэтыя прапановы патрабуюць зацвярджэння міністра абароны ЗША Эштана Картэра і прэзідэнта ЗША Барака Абамы.
Адміністрацыя Абамы да гэтага часу разважае над рашэннем адносна прадастаўлення Украіне абарончай зброі. Такую прапанову падтрымалі абедзве палаты Кангрэсу ЗША.