На выставе E3 у Лос-Анжэлесе кампанія Bethesda распавяла падрабязнасці пра сіквэлы дзвюх класічных відэагульняў: Doom 4 і Fallout 4, а таксама анансавала Dishonored 2.

Пасля дастаткова сціплага анонсу Bethesda вырашыла надаць шмат часу Fallout 4. Аповед пра гульню больш нагадваў прэзентацыю чарговага смартфона Apple. Названая была і дакладная дата выхаду: 10 лістапада 2015 года.

Упершыню ў серыі нам дадуць паглядзець на сапраўдны свет Fallout да вайны. Праўда, нядоўга: пасля стварэння персанажа і кароткага навучання бомбы ўпадуць і на Бостан. Галоўны герой невядомым чынам перажыве дзве сотні год у сховішчы і выйдзе на постапакаліптычную паверхню.

Fallout 4 абяцае перапрацаваную дынамічную сістэму дыялогаў і больш дынамічныя баі. У гульні моцна перапрацаваная сістэма збору і стварэння прадметаў. Сабраўшы і скамбінаваўшы простыя прадметы (скотч, гаечны ключ, цацачную машынку…) можна будзе, напрыклад, мадыфікаваць пісталет ледзь не да снайперскай вінтоўкі. А разабраўшы суседні дом па дэталях — перабудаваць свой уласны.

Разам з калекцыйным выданнем гульні пакупнікі атрымаюць і наручны камп’ютар свету Fallout — «Піп-бой». Іншым «Піп-бой» дастанецца ў выглядзе праграмы для смартфонаў.

Каб падагрэць інтарэс да гульні, Bethesda выпусціла і бясплатную міні-гульню для смартфонаў — Fallout Shelter. У ёй гульцу трэба даглядаць за сховішчам, развіваць яго і адбіваць набегі рэйдараў. Яе ўжо можна спампаваць для iOS, у хуткім часе з’явіцца версія для Android.

Працяг адной з першых «стралялак» ад першай асобы, Doom 4 выйдзе ўвесну 2016 года для Windows, Playstation 4 і Xbox One. Гульня абяцае быць дынамічнай, змрочнай і крывавай (асцярожна, вельмі крывавай!).

У параўнанні з «трылерам» Doom 3, чацвертая частка значна прыбавіць хуткасці. Стварэнні з пекла на дэманстрацыйным відэа не даюць расслабіцца, а патронаў і аптэчак сустракаецца няшмат.

Для мультыплэера Bethesda выпусціць рэдактар узроўняў — карыстальнікі змогуць ствараць свае лакацыі і мадыфікацыі. Таксама ў мультыплэеры можна будзе згуляць як за зямлян, так і за прадстаўнікоў пекла.

У наступным годзе абяцаюць выпусціць і Dishonored 2, працяг стымпанкавага стэлс-экшну 2012 года. Вядома пакуль няшмат: вернуцца галоўны герой першай часткі Корва, таксама згуляць нібы дадуць за Эмілі, уратаваную ім у першай частцы. Падобна, што гульня стане менш змрочнай, яшчэ большы ўпор будзе зроблены на стымпанк-стылістыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?