62-гадовы Джэб Буш (малодшы сын і брат 41-га і 43-га прэзідэнтаў ЗША Джорджаў Бушаў) рыхтуецца сёння абвясціць пра ўдзел у прэзідэнцкай гонцы 2016 г. ад Рэспубліканскай партыі

Абвяшчэнне мусіць прайсці ў Маямі (Джэб Буш быў губернатарам Фларыды ў 1999—2007) а 22-й паводле мінскага часу, але Буш-наймалодшы ўжо анансаваў яго ў сацыяльных сетках.

Сваю кампанію ён будзе праводзіць пад лозунгам «Джэб! 2016», каб не злоўжываць прозвішчам бацькі і брата.

Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць у лістападзе наступнага года, але ад рэспубліканцаў ужо ёсць некалькі кандыдатаў, як Марка Рубіа і Тэд Круз. Там усё вырашаць праймерыз.

Галоўным жа супернікам ад Дэмакратычнай партыі, відаць, будзе былая першая лэдзі і дзяржсакратар Хілары Клінтан.

Джэб Буш рэзка крытыкуе палітыку Барака Абамы, якая не здолела прадухіліць крызіс ва Усходняй Еўропе, справакаваны анексіяй Крыма Расіяй.

Падчас візіту ў Берлін на мінулым тыдні, выступаючы на мерапрыемстве кіроўнай ХДС, Джэб Буш заявіў, што Пуціна прыйшоў час спыніць.

«Хто б сумняваўся, што Расія будзе і далей рабіць усё, што ёй уздумаецца, калі яе агрэсія застанецца без адказу», — сказаў ён, заявіўшы, што «Пуцін — жорсткі прагматык, які будзе праціскаць сваё, пакуль хтосьці не націсне у адказ».

На яго думку, ЗША і Еўропа, павінны прэвентыўна стрымліваць агрэсію, а не рэагаваць постфактум, што толькі заахвочвае благія паводзіны Пуціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?