15 чэрвеня калегія па крымінальных справах суда Кастрычніцкага раёна Мінска абвясціла прыгавор па справе аб атручэнні псіхатропамі двух мінчан у кастрычніку 2014 года.

Арганізатар злачыннай групы, якая распаўсюджвала наркотыкі, прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі, яго саўдзельнік — да 16 гадоў. Абодва — з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яны прызнаны вінаватымі ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 328 КК (незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, учынены арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 144 КК (прычыненне смерці па неасцярожнасці дзвюм асобам). Яшчэ адзін фігурант гэтай крымінальнай справы, які купляў у распаўсюджвальнікаў наркотыкі, прыгавораны да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Па амністыі тэрмін пакарання скарочаны на год.

Асноўным абвінавачваным судом пастаноўлена выплаціць пацярпелым па крымінальнай справе па 600 млн. рублёў.

Нагадаем, расследаванне гэтай справы праводзілася ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску, якое высвятляла абставіны смерці ў кастрычніку мінулага года ў сталічным інтэрнаце двух рабочых, якая наступіла пасля курэння імі сумесі з утрыманнем псіхатропных кампанентаў.

Паводле звестак следства, 21-гадовы жыхар Светлагорска (Гомельская вобласць) стварыў і ўзначаліў арганізаваную групу, якая распаўсюджвала псіхатропныя рэчывы. Ён набываў рэагенты, вырабляў курыльныя сумесі, вёў у інтэрнэце перапіску з пакупнікамі, паведамляў ім адрасы тайнікоў і кантраляваў паступленне грашовых сродкаў на электронныя кашалькі. 

Дваццацідвухгадовы сябар арганізатара незаконнага бізнесу, жывучы ў Мінску, таксама вырабляў забароненыя рэчывы, расфасоўваў іх па порцыях і ажыццяўляў закладкі. Змесціва аднаго з тайнікоў, размешчанага на вуліцы Сядых, і ўжылі загінулыя. 

Следчыя ўстанавілі таксама факт атручэння 25-гадовага мінчаніна спайсам з той жа партыі. Дзякуючы своечасоваму аказанню медыцынскай дапамогі жыццё маладога чалавека ўдалося выратаваць. Гэта — трэці фігурант крымінальнай справы. Нерэалізаваныя падазронымі курыльныя сумесі знойдзены і канфіскаваны пры іх затрыманні. 

У ходзе расследавання былі ўстаноўлены парушэнні службовымі асобамі і работнікамі інтэрната прапускнога рэжыму і правілаў унутранага распарадку. У прыватнасці, змяніўшы месца працы амаль за год да названых падзей, адзін з загінулых страціў падставы для знаходжання ў інтэрнаце, але працягваў жыць у ім на нелегальным становішчы. Фактычна не ажыццяўлялася работа, накіраваная на спыненне фактаў курэння, ужывання наркотыкаў і алкагольных напояў жыхарамі ў памяшканнях. 

У адпаведнасці з унесеным следчымі прадстаўленнем аб устараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства, за нядобрасумленнае стаўленне да службовых абавязкаў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці загадчыца, старшыня савета інтэрната і швейцары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?