У Еўропе працуе 1,3 мільёна працоўных мігрантаў з Беларусі. У 2014 годзе яны даслалі на радзіму 1,05 мільярда даляраў у выглядзе грашовых пераводаў. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў новым дакладзе Міжнароднага фонду сельскагаспадарчага развіцця (МФСР) —спецыялізаванай установы пры ААН.

У дакладзе «Адпраўка грошай дадому: еўрапейскія патокі і рынкі» МФСР падзяліў дзяржавы Еўропы на краіны-адпраўнікі і краіны-атрымальнікі. Апошніх усяго 19. Беларусь знаходзіцца ў іх ліку.

У 2014 годзе ў нашу краіну прыйшло 1,3 мільярда даляраў у выглядзе грашовых пераводаў (дадзеныя Сусветнага банка). 83% ад гэтай сумы - 1,05 мільярда - выслалі працоўныя мігранты, якія працуюць у Еўропе. МФСР ацэньвае іх колькасць у 1,3 мільёна чалавек. Усяго ж па свеце працуе каля паўтары мільёнаў гастарбайтэраў—беларусаў.

Часцей за ўсё нашы суайчыннікі едуць працаваць у Расію, Польшчу і Італію. З-за адкрытых межаў палова выязджае на працу выбірае менавіта ўсходнюю краіну-суседку.

Расія ўзначальвае рэйтынг еўрапейскіх дзяржаў па агульнай суме грашовых пераводаў, што адпраўляюцца за мяжу. У мінулым годзе працоўныя мігранты з РФ паслалі дадому 20,6 мільярда даляраў. Следам ў рэйтынгу ідуць Вялікабрытанія (17,1 мільярда), Германія (14 мільярдаў), Францыя (10,5 мільярда) і Італія (10,4 мільярда).

Усяго ў 2014 годзе мігранты, якія працуюць у Еўропе, адправілі дадому 109,4 мільярда даляраў у выглядзе грашовых пераводаў. Сярэдняя сума пераводу вагалася ад 1500 да 3200 даляраў за год.

Нагадаем, у 2012 годзе эканоміка Беларусі атрымала ад працоўных мігрантаў 950 млн даляраў, у тым ліку 60% - гэта даходы ад працоўнай міграцыі (людзі, якія з'ехалі на заробкі на тэрмін да года), 40% - паступлення ад дыяспары (пастаянна жывуць за мяжой).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?