У Лос-Анджэласе працягваецца сусветная выстава-канферэнцыя E3. У першы яе дзень паказалі сіквэлы класічных гульняў Doom і Fallout. Наступны дзень быў яшчэ больш насычаны анонсамі. «Наша Ніва» абрала 30 найбольш цікавых.

Тэхнічнае дэма, на аснове якога, магчыма, будзе зробленая Robinson: The Journey

Пачаць варта з таго, што мы бачылі ў фантастычных фільмах 80-90-х гадоў: гульня ў рэалістычнай віртуальнай рэальнасці. Стваральнікі Crysis анансавалі Robinson: The Journey для шлемаў віртуальнай рэальнасці неназваных мадэляў (магчыма, Oculus Rift ці Hololens). У ёй хлопец мусіць выжываць на далёкай планеце, населенай дыназаўрамі.

«Шалёны Макс» у першыя дні верасня сыдзе з вялікіх экранаў кінатэатраў на меншыя экраны, да якіх падлучаныя Xbox One, Playstation 4 ці камп’ютары на Windows і Linux. Гульня Mad Max не будзе наўпрост звязаная з сюжэтам фільмаў.

Трэцяя частка серыі надзвычай складаных і нервовых гульняў Dark Souls выйдзе ў пачатку 2016 года для PC, Xbox One і PS4. Дзясятак класаў персанажаў, мноства новых ворагаў і цэлая гадзіна сюжэтных сцэн. Ну і (традыцыйна) сапсаваныя нервы.

Працягнуць мучыць і Лару Крофт, якой моцна дасталося ў першай частцы перазапуску класічнай серыі. У наступнай частцы, Rise of the Tomb Raider, прынамсі часова эксклюзіўнай для Xbox One, на яе абрынуцца снежныя завеі і ледзяныя глыбы. Яна тым часам будзе шукаць дарогу да чарговай Шамбалы. Калі менавіта выйдзе гульня, пакуль не вядома.

У канцы 2016 года для Xbox выйдзе яшчэ адзін працяг класічнай серыі Gears of War: Gears 4 (без «of War»). Усё традыцыйна: здаравенныя футурыстычныя ваяры і яшчэ больш здаравенныя монстры. Толькі чаму так цёмна?

Нарэшце новае імя — Recore. Толькі для Xbox, затое ад стваральніка Metroid Prime. Што вядома пакуль: будзе пустэльня, дзяўчына і робат, будзе гэта ўвосень 2016 года.

І яшчэ трошкі пра эксклюзівы для Xbox One: Halo 5: Guardians выйдзе 27 кастрычніка. Гуляць трэба будзе як за традыцыйнага героя серыі Майстра Чыфа, так і за Лока, які на яго палюе. У мультыплэеры з’явіцца рэжым Warzone для каманд па 12 чалавек.

Forza Motorsport 6 традыцыйна абяцае неймаверна рэалістычныя аўтагонкі. Кажуць, будзе паўтысячы машын і 26 розных гарадоў, 60 FPS пры 1080p. Выйдзе гульня 15 верасня, зноў жа толькі для Xbox One.

Менш рэалістычныя, але не менш яскравыя гонкі Need for Speed выйдуць трошкі пазней: 3 лістапада. Затое на кансолях Xbox One і PS4, а таксама на персанальных камп’ютарах. Абяцаюць маштабны перазапуск (крыху заглохлай за апошні час) серыі ў духу Underground 2.

Калі вам здавалася, што ў Mass Effect 3 вы натварылі такое, пасля чаго час закрываць серыю, вы былі часткова правы: новая частка не атрымала лічбу 4. Mass Effect: Andromeda мае стаць перазапускам серыі касмічных ролевых гульняў. Абноўлены свет праз шмат год пасля арыгінальнай гісторыі, але старая (любімая ці ненавісная) машынка. Чакаць новы Mass Effect трэба пад канец 2016 года.

Яшчэ адна новая назва, якую варта запомніць, — Sea of Thieves. Па-сапраўднаму акунуцца ў свет піратаў не даводзілася аж з часоў Assassin’s Creed: Black Flag. Давядзецца ўзіму 2016 года на PC і Xbox, прычым у свет яскравы і мульцяшны, створаны аўтарамі класічнай Battletoads.

І яшчэ трошкі мульцяшнасці: стралялка Plants vs. Zombies Garden Warfare атрымае працяг. Больш брутальных раслін, больш зомбі, больш сцёбу, кааператыўны рэжым. Вясна-2016, PC, PS4 і Xbox One.

Mirror’s Edge Catalyst нарэшце дасць магчымасць вярнуцца ў свет футурыстычнага таталітарызму і паркуру ў выкананні прыгажуні Фэйт. Не пытайце, чаму, але выхад доўгачаканага працягу Mirror’s Edge выйдзе (для кансолей і камп’ютараў) на Дзень абаронцы Айчыны — 23 лютага 2016 года. Mirror’s Edge Catalyst.

А вярнуцца ў свет «Зорных Войнаў» дадуць 17 лістапада гэтага году ў Star Wars Battlefront. Яна выйдзе для кансолей і PC, будзе мець не толькі маштабны мультыплэер, але і супольнае праходжанне місій з сябрамі на адным экране.

У хуткім часе выйдуць адразу тры гульні па сцэнары пісьменніка-мілітарыста Тома Клэнсі. Першая, Tom Clancy's The Division выйдзе 8 сакавіка 2016 года, але ўжо ў гэтым годзе запусціцца бэта-тэст на кансолях і камп’ютарах. Гульня спалучыць жанры «стралялкі» і MMO RPG у свеце, атакаваным біятэрарыстамі.

Другая, Tom Clancy’s Ghost Recon Wildlands, пакуль не мае даты выхаду (вядома, што выйдзе на кансолях і PC). Як і ў папярэдніх Ghost Recon, гулец трапіць у каманду спецназу, што выконвае самыя небяспечныя місіі па ўсім свеце — і выконвае як па-ціхаму, так і атакай «у лоб». Што незвычайна для жанру, абяцаюць адкрыты свет.

Нарэшце, Tom Clancy’s Rainbow Six: Siegeтаксама распавядзе праспецназ, але ў больш рэалістычным тактычным рэжыме і пераважна ў закрытых памяшканнях. Гульня выйдзе для PC, Xbox One і PS4 13 кастрычніка. Што дзіўна для сімулятару спецназу, там нават абяцаюць сюжэт.

Ubisoft, вядома, чарговы раз скарыстаецца назвай Assassin’s Creed. Цяпер халодную вайну хашашынаў і тампліераў перанясуць у віктарыянскую Англію. Assassin’s Creed Syndicate выйдзе для кансолей і камп’ютараў 23 кастрычніка. Як стала вядома, дадуць зладзіць «GTA на карэтах» і пабіцца на даху цягніка, а таксама прыкінуцца Чалавекам-павуком.

Але Ubisoft здольная не толькі выкарыстоўваць старыя назвы, але і прыдумляць новыя. Не самы лепшы запуск Watch Dogs у мінулым годзе іх не спужаў: кампанія сёлета прадставіла яшчэ адно новае імя — For Honor. Пра гульню вядома няшмат: упор будзе на халодную зброю і кааператыўныя бітвы, баявая сістэма абяцае быць развітай і няпростай.

І яшчэ пра мячы і «без падрабязнасцей»: Fable Legends калі-небудзь у 2015 годзе выйдзе для Xbox One і PC.Яна будзе бясплатнай, з адзіночнай гульнёй, кааператывам і мультыплэерам.

Эпічныя і цынічныя прыгоды ў мястэчку Саўт Парк працягнуцца ў наступным годзе на камп’ютарах і кансолях. South Park: The Fractured but Whole прадставілі самі стваральнікі славутага мультсэрыялу. Нас зноў чакае мульцяшная ролевая гульня, але рабіць яе будзе ўжо не тая каманда з Obsidian, што рабіла нядаўнюю Stick of Truth, а студыя Ubisoft San Francisco.

Серыя ўдалых горадабудаўнічых стратэгій Anno выйдзе ў космас: Anno 2205 варта чакаць на персанальных камп’ютарах 3 лістапада.

The Last Guardian, якую нехта чакаў, але большасць стамілася чакаць за 8 год з анонсу, нарэшце выйдзе ў 2016 годзе для Playstation 4. Безыменнага хлопчыка прыйдзецца выводзіць з агромністага замка з дапамогай грыфона Трыко. З апошнім прыйдзецца спачатку па-сапраўднаму пасябраваць.

Яшчэ адзін эксклюзіў для Sony Playstation 4 — Horizon Zero Dawn, у якім плямёнам здзічэлых людзей прыйдзецца біцца са зверамашынамі ў вялізным (падобна, што і адкрытым) свеце. Калі выйдзе новая гульня ад аўтараў Killzone, пакуль не кажуць дакладна: недзе ў 2016-м.

Зноў жа толькі на Playstatiob дадуць пагуляць у Uncharted 4: A Thief’s End. Увесну 2016 года славуты вор працягне прыгоды не толькі на сваіх дваіх, але і (прынамсі ў адной місіі) на чатырох колах.

А славуты забойца пад нумарам 47 вернецца 8 снежня ў новай частцы Hitman. Ці будзе гульня эксклюзіўнай для PS4, невядома. Затое вядома, што яна будзе выпускацца ў фармаце эпізодаў і разрасацца з цягам часу.

Аўтары LittleBigPlanet абяцаюць навучыць нас канструктаваць сны ў Dream. Пакуль цяжка сказаць нешта не толькі пра дату выхаду, але і пра магчымы жанр такой гульні.

Square Enix абяцае парадаваць геймераў (найперш уладальнікаў PS4) паўнавартасным рэмэйкам сёмай часткі культавай серыі Final Fantasy. Калі — не сказалі.

Яшчэ пра японцаў: Ю Судзукі за рэкордна кароткі час сабраў мільён даляраў. Столькі яму ахвяравалі на Kickstarter праз гадзіну пасля анонсу Shenmue 3. Усяго на адраджэнне любімай японцамі RPG у адкрытым свеце трэба 2 млн даляраў, гэтая сума на момант публікацыі практычна сабраная. Гульня мае выйсці для PC і PS 4.

Нарэшце, на канферэнцыі было паказанае новае відэа фантастычнай па сюжэце і маштабах No Man's Sky. Гіганцкі свет гэткага «Spore галактычных маштабаў з элементамі Elite» не будзе пустым: на многіх планетах можна будзе пабачыць карысныя рэсурсы, загадкавыя тэхналогіі ды незвычайную флору і фаўну. Выхад гульні для PC і PS4 прызначаны на 2015 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?