Прамысловая вытворчасць у Беларусі знізілася ў студзені—маі 2015 года на 7,7% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, сведчаць даныя афіцыйнай статыстыкі.
У студзені—маі 2015 года аб'ём прамысловай вытворчасці склаў 288,6 трлн. рублёў.
Майскія даныя сведчаць аб тым, што ў рэальным сектары працягваецца зніжэнне аб'ёмаў прамысловай вытворчасці. Так, калі па выніках першага квартала аб'ём прамвытворчасці скараціўся на 7,3%, па выніках за студзень-красавік — на 7,5%, то па выніках працы за студзень—май зніжэнне ў прамысловасці склала 7,7%.
Трэба адзначыць, што зніжэнне аб'ёму прамысловай вытворчасці назіраецца ва ўсіх галінах прамысловасці. Так, у горназдабываючай прамысловасці вытворчасць скарацілася на 5,6%, у апрацоўчай — на 8,6%.
Зніжэнне аб'ёму прамысловай прадукцыі зафіксавана ў шматлікіх відах эканамічнай дзейнасці. У прыватнасці, вытворчасць харчовых прадуктаў знізілася ў студзені—маі на 1,6%, вытворчасць гумавых і пластмасавых вырабаў — на 10%, у дрэваапрацоўцы аб'ём выпуску прадукцыі скараціўся на 3,5%, вытворчасць машын і абсталявання знізілася на 29,2%, у тэкстыльнай і швейнай вытворчасці аб'ём выпуску прадукцыі скараціўся на 18,6%.
Рост аб'ёму прамысловай вытворчасці назіраецца толькі ў двух відах эканамічнай дзейнасці — за студзень-май вытворчасць нафтапрадуктаў і ядзерных матэрыялаў павялічылася на 1%, хімічная вытворчасць — на 6,8%.