Vice News зацікавіўся, ці ўдзельнічаюць расійскія войскі ў канфлікце на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей. Расія не прызнае прысутнасці сваіх вайскоўцаў на тэрыторыі Украіны. Сцвярджаецца, што ў баявых дзеяннях бяруць удзел дабраахвотнікі, ужо звольненыя са службы.
Журналіст Эліат Хігінс вядомы тым, што па фота, размешчаных у вольным доступе ў інтэрнэце, вызначае месцазнаходжанне войскаў па ўсім свеце — ад Сірыі да Сібіры. Vice звярнуліся да яго, каб адшукаць расійцаў ва Украіне.
На фота, што расійскія вайскоўцы размяшчаюць «УКантакце» і іншых сацсетках, бачная вайсковая тэхніка, не прынятая на ўзбраенне ва Украіне і да вайны там не прысутная. Адно гэта можа быць доказам удзелу Расіі ў канфлікце.
Ёсць і цікавейшыя прыклады: па старонках «УКантакце», а ўласна па геатэгах на фота можна прасачыць шлях вайскоўцаў, напрыклад, з Буратыі да Дэбальцава і нават паўтарыць ракурсы фота, знятых вайскоўцамі, якіх «там не было».
А потым і патэлефанаваць аўтарам арыгінальных фота.