Вось у гэтым лабірынце хлопчык атрымаў траўму.

Вось у гэтым лабірынце хлопчык атрымаў траўму.

«Нас выпісалі, — паведаміла ў панядзелак Аліна, мама 2-гадовага Даніка. — Дынаміка станоўчая. Сын ужо ходзіць, але каардынацыя ў яго яшчэ парушана. Спадзяюся, што ўсё будзе добра».

Для Даніка і яго мамы гэтая паездка з Мазыра ў Мінск запомніцца надоўга. Аліна вырашыла адвесці сына ў парк забаваў «Дрымлэнд». Але бяскрыўдны атракцыён ледзь не стаў фатальным.

«Мы з сям’ёй прыехалі наведаць «Дрымлэнд» і заапарк — хацелі ўвечары вяртацца назад. У такія лабірынты мы пастаянна ходзім у Мазыры. І Данік іх вельмі любіць. Я была ўпэўнена, што гэта бяспечнае месца для дзіцяці», — прыгадвае той дзень Аліна.

Данік бегаў, а жанчына хадзіла вакол атракцыёна і фатаграфавала сына. На лічаныя секунды адышла, каб пакласці фотаапарат, а як вярнулася, хлопчыка не ўбачыла. І тады пачула плач: ён ляжаў на зямлі. Аліна падхапіла яго і панесла ў медпункт.

«Медсястра сказала: зараз лёд прыкладзём, ён ачуняе і зноў пабяжыць. А я бачу, што яго галава дэфармаваная — правая скроня, драпіны. Я настаяла, каб выклікалі хуткую. Нас прывезлі ў РНПЦ нейрахірургіі і неўралогіі. Пасля здымка дактары сказалі, што траўма сур’ёзная — пералом лобнай косткі чэрапа са змяшчэннем на вочную арбіту, страсенне мазгоў. Была знешняя гематома. Сказалі, што тры дні будуць крытычнымі — калі не з’явіцца ўнутраная гематома, то будзе ўсё добра. На шчасце, не з’явілася».

Аліна мяркуе, што ў сетцы на атракцыёне была дзірка, праз якую сын вываліўся. А пры падзенні мог ударыцца яшчэ і аб трубу, якая не была заматана паралонам. Магчыма, менавіта ад гэтага ўдару і здарыўся пералом.

Дзіцячы атракцыён, на якім хлопчык пацярпеў, уяўляе сабой высокі, абшыты сеткай каркас. Дзеці там бегаюць, поўзаюць, скачуць, караскаюцца па лесвіцы. Бацькоў з імі не пускаюць. За імі сочыць атракцыяніст. Але ці здольны адзін чалавек упільнаваць за кожнага?

«Як хуткая забрала дзіця, я пайшла і спрабавала знайсці тую дзірку. Не знайшла. І ў той жа час дзеці там працягвалі гуляць. Я тады падняла шум: маўляў, ім аднаго выпадку мала? І затым, калі ішла са сваім сынам, убачыла, што на трэцім узроўні малады чалавек нешта зашываў», — дадае Марына, сястра Аліны.

«Адпавядае нормам»

«Быў такі інцыдэнт. Праверка праведзена, тэхнічная служба даследавала дзіцячы комплекс «Лабірынт». Ніхто не бачыў, як хлопчык зваліўся: ні мама, ні яе сястра, ні атракцыяніст. Да атракцыяніста прыменена адміністрацыйнае спагнанне за тое, што яна не ўбачыла, як ён упаў. Але сам комплекс быў дадаткова правераны: ніякіх дзірак, парэзаў — ён цалкам адпавядае нормам, — расказаў начальнік аддзела маркетынгу «Дрымлэнда» Ігар Тарасаў. — Атракцыён у той дзень быў зачынены адразу ж. І на наступны дзень ён ужо працаваў у штатным рэжыме. На ім не знайшлі ніякіх парушэнняў».

Адміністрацыя не змагла высветліць, адкуль жа звалілася дзіця. Тарасаў спасылаецца на начальніка тэхнічнай службы. Той мяркуе, што дзіця спатыкнулася і павалілася з перахода паміж другім і першым паверхамі альбо паміж трэцім і другім. І кажа, што парк гатовы аказаць дапамогу сям’і хлопчыка. А падобны выпадак у іх першы.

Аліна пакуль не думала пра кампенсацыю ад парку. Нейкія грошы спатрэбяцца на рэабілітацыю сыну. Але жанчына хоча разабрацца ва ўсёй гісторыі дэталёва.

«Галоўнае, каб яны хібы ліквідавалі — давялі да ладу парк. Каб такога больш не адбылося. Гэта скончылася кепска, але магло яшчэ горш. І не для аднаго дзіцяці».

А хлопчык Данік ад’ехаў дадому. Цяпер яму давядзецца яшчэ працяглы час аднаўляцца. «У яго было закрыта цалкам правае вока — у нядзелю пачаў расплюшчваць. Ужо ўсміхаецца, цікавіцца дзеткамі. Ён усё памятае — акром гэтага страшнага. Маральна, здаецца, аднавіўся. Цяпер трэба, каб аднавіў каардынацыю, каб бегаў як раней. Цяпер я яго толькі адпушчу — ён падае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?