Прысвячаецца Настулі, Марыі і Паліне

Дом састарэлых і інвалідаў з раніцы гуў вуллём. Па доўгіх калідорах з пупырыстай тынкоўкай бегалі супрацоўніцы, цягаючы за сабою рэха. Жыхароў павыводзілі ў двор, каб не заміналі мыццю і прыхарошванню. З сельсавета праз вуліцу трушком прабегла Канстанцінаўна, цягнучы карціну «Раніца ў сасновым бары». Канторскія бабы палолі клумбы і мялі падворак. З-за плоту, з тэрыторыі сіроцкага дома, на гэтую сумятню пазіралі цікаўныя мордачкі.

 

— Прэзідэнт прыедзе Параску паздравіць. Ёй сто стукнула ці мо якіх дзевяноста пяць, — сказаў Рыгор, чалавек з нагамі-калодамі. — От маладзец наш прэзідэнт! На мясакамбінаце ў Слуцку быў, панюхаў мяса ў халадзільніку і загадаў дырэктара мясакамбіната замкнуць разам з тым мясам на тыдзень, каб паеў. «Вось, кажа, чым ты простых людзей корміш, тое і сам еш!»

— І паеў? — спужалася маленькая бабулька ў хустачцы ў бобачку.

— Паеў не паеў, але не ў ліхое месца яму. Цяпер пасадзяць і асабняк адбяруць! У яго асабняк на Сямі вятрах, дзе «царскае сяло». Умывальнік з малахіту! Іх бы ўсіх у халадзільнік на дзесяць год, хай тушы ядуць, а потым і адзін аднаго, пакуль каторы не застанецца. От таго выпусціць.

— І чаго ты, Рыгор, такі злосны? Табе і ногі распухлі ад злосці, — сказала яшчэ адна пенсіянерка, спакойная бабуля, якая падчас усяе гэтае мітусні нешта вязала.

— Я распух з работы! Ты б парабіла з маё — і зімой, і летам па калена ў гаўне, вось ногі і распухлі як калоды, хадзіць не магу. Сяджу тут з вамі, старыя карчы, а мне шасцідзесяці няма.

— Піць табе не трэба было і ў сене зімою спаць, то мо б і ногі не распухлі, — разважліва сказала жанчына з вязаннем. — Вунь Парасцы сто лет у абед, а яна яшчэ ходзіць.

 

У гэты час імянінніца ў белай хустачцы пад бараду сядзела на ложку ў прыбраным пакоіку. Яе прыбралі, пастрыглі, сфатаграфавалі, папрасілі нічога не рушыць і чакаць візіту. Раўлі ёй на вуха, нібыта глушцу якому. Яна не глухая, а проста старая. А старыя людзі заканчваюць кола — набліжаюцца да таго дня, калі распачалося іхняе жыццё. Гэта нашмат важней і цікавей, чым прыслухоўвацца да пустое сумятні. Вам цікава — вы і бегайце.

 

Дзень, калі напраўду распачалося яе жыццё, быў вясновым і сонечным. Параска пайшла за хату, каб пашукаць сваю Вечную Цыбуліну. Тая пускала разлапістае пер’е штогод, як сыходзіў снег і капяжы са страхі выкопвалі пры хаце канаўкі. Такой цыбулінай можна і наесціся. Не тое, каб есці не было чаго — дома не бракавала ні малака, ні хлеба. Але ў цыбуліны быў такі салодкі і гаркавы смак вясны, што ад радасці заходзілася сэрца. Жуючы зялёнае пер’е, Параска жмурыла і расплюшчвала вочы так, што сонца то ляцела залатымі капейкамі, то разбівалася ў вясёлкавы пыл. Вясна! Калі цяпер перакінуць праз хату сорак трэсак, то ўлетку знойдзеш сорак гнёздаў. Толькі Параска задумалася, ці не набраць у дрывотні трэсак, як пачула з-пад хаты жаласнае «Міў! Міў! Міў!».

«Зноў Мурка кацянят прывяла куды папала. Казала ж ёй: не раджай кацянят пад хату, пацукі паядуць!» Параска пастанавіла запаўзці пад хату і дастаць кацянят, аднак не сцяміла, што хата за зіму добра абсела, а яна сама падрасла. Падлезшы пад бэлі, Параска мала таго што апынулася ў цемры, дык яшчэ і яе галава і азадак захраслі там, дзе летась праляталі са свістам. Не трэба было есці столькі прасянае кашы. Мачыха, Любка, і так без асаблівае ўцехі пазірала на тое, як Параска вылізвае міску. «Бубубу, жарэ, бубубу, расце, а тут сваім няма чаго даць, пакуль валацуга гэты, сцягака, у людзей па кублах лазіць».

Цяпер валацуга і сцягака — бацька Параскі Пятро — прабухаў па дашчанай сцежцы зусім блізка ад захраслае дачкі. «Тата! Тата!» — хацела крыкнуць малая, але ўзгадала, які люты апошнім часам бываў бацька, як здзёр з яе сукенку і пачаў абхаджваць лейцамі і як яна ўцякала праз вуліцу ў лес, голая. І гэта ж добра, што ліло як з вядра і ніхто яе не бачыў. Пасля Параска ўкрала з плота шкутаванку, закруцілася і так прабралася ў пограб, дзе пераседзела бацькава зло.

Ах, як добра, Парасачка, што ты баялася свайго тату! Праз некалькі хвілінаў па вымашчанай дошкамі сцежцы гурмой забухалі іншыя боты, чорныя, чышчаныя, і ў сенцах нечы голас праказаў:

— Пятро Мажэйка?

— Да. А хто беспакоіт? — голас бацькі быў такі спуджаны, што Параска аж здзівілася.

— Вы арастованы, прайдзёмце ў дом.

— Як арастован, таварыш? Я служу здзесь, вот дакументы, — працягваў бацька, але пачуў толькі адно: «Прайдзёмце».

Ляснулі дзверы, усе прайшлі ў хату, і нейкі час нічога не было чутно. Потым па сцежцы да хаты праляпалі яшчэ адны зрудзелыя знаёмыя боты.

— Дзядзька Несцер! — памкнулася гукнуць дзяўчынка, але тут у хаце загаласіла Любка і завылі блізняты. Параска стаілася.

Празь некаторы час мужчынскія ногі ў ботах і мачышыны ў апорках высыпалі ў двор. Любка енчыла:

— Ну што, ваўкарэзіна паганы, дацягаўся па селішчах? Дамахаўся пісталецікам, што гэта, маўляў, я! Успомні дзетачак на возе, дробненькіх як мак, што ў Салаўкі павезлі з твае волі? Глянь цяпер на сваіх во — глянь!

Блізняты зноў завылі.

— Любка, прасці, — бубнеў бацька.

— Стойце, хазяева, а дзе Праскоўя Пятроўна Мажэйка? — спытаўся строгі голас.

— У Забалаць пайшла! Па соль! — хуценька адказала мачыха.

— Па якую соль? Яна ж малая.

— Але порсткая, як агонь! Усюды ўлезе.

— Вечна гэтае адроддзе недзе швэндаецца, даўно пара дома быць. Каб прырваўся б зараз, усю б скуру спусціў! — гучна сказаў бацька. (І цішэй:) — На ёй мая першая жонка памерла, таварыш, галава была як цэбар, не праходзіла. Такая гадкая дзеўка, нібыта не свая. Я яе хацеў у дзетдом аддаць.

Памаўчаўшы, чужынец сказаў:

— Несцер Мікалаевіч, пазабоцьцеся даставіць рыбёнка.

— Добра, добра, даставім, — разгублена сказаў дзядзька Несцер.

 

Тут Параска і зусім раздумала выходзіць. «Гэта мама з-за мяне памерла! Вось чаго мяне татка б’е». Крокі сталі аддаляцца, і Параска засталася ў доўгай цішы.

 

Невядома, колькі яна праляжала пад хатаю. Святло згасла і ўзышло, Мурка прыпаўзала карміць кацянят. Паміж агрэстам і прызбаю знеслася кура, але як ты датуль дацягнешся. Параска то плакала, то драмала. Сніліся ёй татка з Любкаю і чужы дзядзька з пісталетам. Не, не будзе яна вылазіць, нават калі з голаду счарнее. Няхай спачатку самі прыйдуць і пакрычаць: «Параска! Дзе ты, дачушка?»

Аднак прыйшоў толькі дзядзька Несцер, прычым са старою Кузьміхай, якая мела ў вёсцы мянушку Святая. Калі бацюшку з матушкаю звезлі, Святая адчытвала нябожчыкаў і хрысціла дзяцей.

— Вось вам хата, баба Кузьміха, замест вашае халупы. Як мацеры краснаармейца. Толькі каб я вас больш ля царквы і на могілках не бачыў! Спявайце тут свае псалмы. Ціхенька, каб ніхто не чуў.

— Дзядзька Несцер, — піскнула Параска.

— Авохці мне! Дзе яна?

— Пад хатаю, цётухна, бяжыце па багор.

— Які багор? Гэта ж не тапельца цягнуць.

 

Параску выцягнулі і пакінулі жыць з Кузьміхою. Несцер неяк уладкаваў так, каб дачку яго сябра, раскулачніка, а цяпер ворага народу, не зачапілі. А можа, улады самі забыліся на дзяўчынку. Тады такое бывала. У лясах, як кацяняты, бадзяліся дзеці, чыіх бацькоў звезлі, а самых не заспелі.

«А мо й лепей, каб мяне звезлі, чым тут з карытаў у свіней выядаць», — думала Параска. Вяскоўцы ненавідзелі яе бацьку, нявыказаная думка была такая: «Цягнуў воўк, пацяглі і ваўка». І цяпер усе злацешна і моўчкі пазіралі, як боўтаецца галоднае, абдзёртае «ваўчаня».

Кузьміха таксама мела зуб на Мажэйку, таму Параскі яна не глядзела, але і не выганяла. Дзяўчынцы дазвалялася спаць на ўслоне і есці што застанецца. Праўда, Кузьміха пільнавала, каб не абдзяліць і свінчо. Ну што ж, таксама жыццё. Цыбуліна штогод гнала парасткі, можна было падкрасці яблык і агрэсту, пад хатаю несліся куры. Параска была дома, а дома і сцены ратуюць.

— Цётачка Кузьміха, — сказаў аднойчы Несцер, увайшоўшы ў хату, — гэта ж Парасцы трэба даўно хадзіць у школу.

— У чым? Анучамі і сенам абвязаўшыся? Яе настаўнік выгнаў са школы па першым снезе. Кажа: ідзі дахаты і не вяртайся, пакуль ботаў не купіш. Прыйшла, плачучы. А дзе я ёй боты вазьму? Чытаць-пісаць-лічыць навучылася — і досіць ёй.

— Ну, і ў мяне лішняга няма, трое дзяцей, а рука адна. Параска, хадзем са мной.

Несцер прывёў яе на цялятнік і загадаў падняць спачатку два вядры вады, а потым паўмяха мукі. І хаця рукі калаціліся і плечы дрыжэлі, яна справілася. Гэта быў шанец.

З тых часоў Параска працавала на цялятніку, зарабляла працадні. Да таго ж ёй прызначылі паўпуда свіное мукі ў месяц і час ад часу прэміравалі адрэзам паркалю. Кузьміха падабрэла: Параска з пакідзішча ператварылася ў работніцу й карміцельку. У хляве вяліся свінкі, у куратніку куркі, і ў хаце зноў запанавала простая сялянская сытасць.

 

У вёсцы з Параскі дзівіліся — яна роўна рабіла мужчынскую і жаночую работу, секла дровы, цягала мяхі, рэзала цялят нетрапяткой рукою, касіла; рашуча, як дзік, узрывала немаленькі гарод, не трацячыся на каня. Сям’я яе згінула і патроху забылася, злосць у людзей прайшла. Парасцы было чатырнаццаць, калі прыбылі першыя сваты. Здалёк, ажно за паўсотні вёрст. Але Кузьміха іх абсмяяла, адправіла да Крывога Язэпа на той канец: там тры дачкі толькі з люлькі выпаўзлі.

— Дзетка, — сказала Кузьміха, адправіўшы першы паязд, — замуж не спяшай. Ты работніца, яны к табе будуць соўгацца табунамі. Запрагуць, і пацягнеш воз, чужую гаспадарку, не прадыхнеш, вачэй не падымеш. І раджаць будзеш кожны год, як Мурка. Сядзі ўжо са мной, што табе, кепска?

Кепска не было, было спакойна і сыта. Параска вырасла ў высокую дзяўчыну з чыстым белым тварам, худым і спакойным. Нос вялікі, вочы шэрыя. Валасы таксама шэрыя, папялястыя, роўныя, шаўковыя. Абразала іх Кузьміха авечымі нажніцамі да сярэдзіны шыі. Гэтыя бліскучыя, пакорлівыя валасы ладна ляжалі пад прыгожым чарапахавым грабянцом. Грабянец быў «з нехарошых рук» — належаў некалі старой пані Зубрыцкай і быў зрабаваны з панскага дома. Але што ж рабіць — адзіная памятка па п’яным прыступе бацькоўскай пяшчоты. «У каго бацька бандзіт, у таго і спадчына бандзіцкая», — прыгаворвала Кузьміха.

 

Броніка Мятлушку Параска ўпершыню ўбачыла ў пыльны і сонечны красавіцкі дзень. Ранкам Несцер сказаў, што з МТС прыгоняць трактар і ёй трэба будзе стаць на сеялку, бо рукі ў яе вялікія, заграбушчыя, і за работаю яна не спіць. Калі Параска прыйшла ва ўрочышча, яна спачатку ўбачыла хмару пылу і пачула рокат, а потым з хмары вынырнуў ён — трактар. Высакародны і шыракагруды, як чорны бык, ён нёсся да яе, рыючы і адкідаючы заднімі коламі зямлю. Спераду на мыску чырвоная латка, а за высокім рулём — белазубы хлопец у кепачцы.

Бронік Мятлушка паходзіў з фальварка Краснае Возера і быў тыповы тамтэйшы шляхцюк — добра ўбраны, чысты, гладкі, зграбны, з тонкімі чорнымі вусікамі. Не мяшок і не хамуйла. Параска цалкам прапала. Цэлымі днямі пылілі яны з Бронікам па раллі, ён араў, яна стаяла на сеялцы, шчаслівая, сама не свая. Насіла яму сціплыя полудні — малако ў гарнушку, сала, яйкі, цыбулю. Часцей спынялася ля ўмазанага ў печку люстэрка. Кузьміха толькі галавой ківала:

— Дурніца ты, дурніца, яны на мужычках не жэняцца. Мала там што — савецкая ўласць, не савецкая — але каб Вярыгі ці Мятлушкі каго з сяла ўзялі? Не будзе такога. На сене коўзацца — калі ласка, але каб замуж? Ці ты мо байстручка захацела?

Памылялася старая Кузьміха. Бронік вучыў Параску кіраваць трактарам і расказваў, што гэта прыгожая машына перароблена з амерыканскай, але ў нас яе яшчэ палепшылі. Выпівае такі трактар 30 літраў керасіну і працуе цэлы дзень, ды так, што ўсе коні на яго месцы падохлі б.

Паміж маладымі было ўжо ўсё дамоўлена — яны паедуць у Харкаў, дзе ў Броніка на заводзе дзядзька.

Параска пайшла прасіць даведку ў Несцера. А мо і пашпарт ёй можна справіць?

— Параска, — сказаў той, — ты памятаеш, хто твой бацька? Пра цябе забыліся, а ты хочаш сама ім у рукі ўлезці? Бацька твой недзе без права перапіскі, Любка з малымі ў Казахстане. І ты туды хочаш варголы піць? Не даюць калхознікам ніякага пашпарта. Ідзі з вачэй маіх. А дарагому скажы, што як зноў будзе брахаць пра амерыканскі трактар, то яму галаву звернуць разам з чубам харошым. Гэта савецкі трактар!

— Я ўцяку, і ніхто мяне не знойдзе, у горад паеду, — плачучы, сказала Параска.

Несцер абняў яе адзінаю рукою і прыціснуў да грудзей.

— Знойдуць і застрэляць, дачушка. Сядзі тут, як мыш пад венікам.

Бронік з’ехаў адзін, спачатку пісаў лісты, а потым і зусім прапаў. Праз нейкі час разнеслася чутка, што яго «прыбралі за шкодніцтва». Нібыта псаваў трактары і шпіёніў на Амерыку. Згінуў Бронік недзе тамсама, дзе Пятро, Любка і Парасчыны малыя браты.

А Параска выпрасілася-такі ў Несцера, хаця і недалёка: перайшла ў МТС да трактароў. Навучылася пра машыны ўсяго-ўсяго, разбірала іх на друзачкі і гаечкі, ездзіла, як царыца, на чорных быках, увесь раён пераарала. А трактар, на якім ездзіў Ён, назвала Бронікам.

Потым і на дошку гонару яе павесілі. Кузьміха нават не паленавалася і схадзіла паглядзець.

— Ты там як абязьяна, — сказала па вяртанні Парасцы, якая замешвала свінням. — Шчокі запалі, нос тырчыць, усё ліцо ў маршчынах. Куды ты столькі працуеш, хто табе дзякуй скажа? Працадзень — не пад’есць і авадзень! Сябе глядзі. Табе час ужо і пра замуж падумаць, не век жа табе са старой жыць.

Пра замуж не думалася. Параска раўняла хлопцаў з Бронікам, і роўных яму не было. Восем класаў адукацыі, спраўны, харошы як майскі дзень Бронічак. Па начах Параска ўжо і шкадавала, што не дазволіла яму таго-сяго. «Быў бы ў мяне цяпер байстручок, харошы, прыгожы. Байстручкі ўсе прыгожыя. І каму б я ганьбы дала? Адна, як пень пры дарозе».

Але ў глыбіні душы Параска ведала, што спакою ёй не далі б. Пачалі б зноў поедам есці, як тады за бацьку. У суседняй вёсцы дзяўчына з завода вярнулася з дзіцем, дык хлопцы з вёскі прыйшлі да яе дахаты, патушылі святло, павалілі, сталі кругам і абасцалі. Сабралася бедалага і паехала з байстручком у свет.

Тым годам у цёмныя восеньскія ночы пад яе вокнамі пачаў хадзіць Ціхан, па-вулічнаму Буханка. Ніхто за яго ісці не хацеў, бо меў ён горбік, нібыта бохан на плячах насіў. Буханка прыцёгваўся на поле, у мехдвор, на вячоркі, куды яна ні пойдзе — ценем цягнецца.

Што за абраза мець такога кавалера пасля Броніка! І ганяла яна яго, і абражала, і на людзях ганіла, каб адчапіўся. Але Буханка не здаваўся. Пасля па сяле розныя чуткі хадзілі, але зводзіліся яны да аднаго: як Параска малаціла жыта ў гумне, адна, Буханка падышоў ззаду, ударыў нечым па галаве і згвалціў. Дзецца ёй не было куды — увесну сыгралі вяселле.

Потым яна нікому не магла растлумачыць, чаму такая крэпкая дзеўка, працавітая, рукастая, самастойная, паддалася нейкаму Буханку, апошняй затычцы ў возе. Між тым жыццё Параскі замужам моцна нагадвала яе дзяцінства з бацькам. Толькі цяперака яе лупцаваў муж. Прыступы лютасці ў Ціхана змяняліся прыступамі такой жа шалёнай пяшчоты, ён кахаў Параску па-сапраўднаму, як мог, як умеў, і шалеў ад яе агіды. Раўнівы быў да белых вачэй, патрабаваў, каб жонка кінула трактары і перабралася назад у цялятнік, дзе з мужыкоў быў толькі Крывы Язэп. Параска моўчкі цярпела пабоі і гвалт, але з трактара не сыходзіла. Вёска бачыла, што «маладая» ходзіць уся сіняя, але гэта не было нейкай навіной. Ды і Кузьміха жыла з «маладымі» моўчкі, не ўмешваючыся. Усё часцей сядзела на печы ці на прызбе. Нешта сабе думала і мармытала, мо псалмы свае.

Гэта здарылася ў лістападзе. Параска пераворвала поле дацямна, раніцай мела скончыць, і таму не пагнала Броніка ў МТС, а загнала ў двор. Бронічак стаяў у цемры, з вокан клалася цьмянае святло на яго чырвоныя колы, высокае стырно, зыркую латку на гордых выпнутых грудзях. Трактар яшчэ лёгка дрыжэў, астываючы пасля цяжкога дня. Абцерла анучкаю морась на корпусе, абмяла дзеркачом колы, працерла кабіну. Жарэбчык мой гарачы!

Злазячы, убачыла, што ля трактара стаіць муж.

— Ну што, нацягалася, сука, да ночы са сваімі трактарыстамі?

— Пабойся бога, Ціхан, я арала дацямна! Жывой душы не бачыла!

Ціхан ударыў моўчкі, Параска грымнулася аб трактар і спаўзла на зямлю. Потым пабачыла, што сёння ёй будуць непярэліўкі: муж трымаў у руках цапільна.

Увогуле, вяскоўцы мелі свае правілы біцця жонак і дзяцей: спачатку рукою, потым папружкай, кулаком, нагамі, а потым ішлі і гаспадарчыя прылады — тупыя і вострыя. Калі гэты працэс ішоў млява, муж паспяваў згрыбець, біцца ўжо не мог, і тады на ім адыгрывалася жонка. Ну, або сыны падрасталі і заступаліся за матку. Калі ж працэс ішоў хутка, то смялейшая баба магла ўратавацца, улупіўшы мужу якім скавароднікам, каб не ўстаў. Менш рызыкоўныя маглі пайсці да Чорнае Палуты, якая варыла слаўную вадзіцу і забяспечвала ёю жаночае наваколле. Вадзіцу Палуты можна было дадаць у гарэлку мужу — роўна столькі, каб ён «выхвараў, вычарнеў і выстагнаў», але ўстаў: без мужыка гаспадарка чэзне. Калі ж мужык трапіцца паганы і ўпарты — можна было даліваць у поліўку патрошку і незаўважна звесці яго на клады. Быў яшчэ і самы бяспечны спосаб: пакласці рукавы ад ягонай кашулі пад галаву нябожчыку (тады мужык прыціхне і рукі на бабу не падыме). Але дзе ты столькі нябожчыкаў набярэшся?

Аднак усе гэтыя меры прыпазніліся: перад Параскай стаяў ашалелы Ціхан і збіраўся адхадзіць яе цапом. Параска паспела адкаціцца за трактар і пачула, як Бронік ціхенька завуркатаў, затросся і крануўся наперад. Нягледзячы на ягоны рык і трухкат, Параска пачула храбусценне, але крыку Буханка выдаць не паспеў. Толькі неяк нутрана вохнуў.

Яна падхапілася, скочыла на трактар і абязрушыла Броніка. Як так выйшла? Няўжо яна што забылася зрабіць? Штопраўда, у суседнім раёне трактар узяў пад колы п’янага трактарыста, але ж яна ніколі нічога не прапускала, усё рабіла правільна да дробачкі.

Галава працавала нібыта праз вату. Параска пайшла ў хату, папіла вады, бразгаючы зубамі аб кубак, і пазвала Кузьміху:

— Цётачка! Трактар Ціхана задушыў.

Кузьміха цяжка злезла з печы, запаліла святло, падслепавата зірнула ў спалатнелы твар Параскі і сказала:

— Бяжы і прывядзі Несцера. Нікому нічога не кажы. Вядзі Несцера.

Несцер прыйшоў, абышоў трактар, памацаў Ціханаву руку.

— Можна яго дастаць? Без каня ці машыны?

— Дзядзечка, трэба ж міліцыі даждаць, тады даставаць, — ледзь варушачы вуснамі, сказала Параска. — Якая табе міліцыя, кулацкае адроддзе? Твой бацька хутаранін і аднаасобнік. Аддаў зямлю і пайшоў раскулачваць. Каб нішчыць савецкіх людзей. А ты задушыла камсамольца, бедняка!

— А што ж рабіць?

— Нясі багор.

— Які багор, ты з глузду з’ехаў? — улезла Кузьміха. — Няхай трактар адгоніць.

— Спрабавала, не заводзіцца, — ледзь варушачы набрынялымі вуснамі, прамовіла Параска.

— Ну дык лом нясі, будзем даставаць. Толькі ў мяне адна рука, а Кузьміха старая, дык ты ўжо пастарайся сама.

Параска заўжды лічыла, што менавіта ў тую ноч яна падарвала паясніцу, і гэта ёй пакаранне. Ціхана неяк выдзерлі з-пад трактара, закруцілі ў радніну. Кузьміха пабегла ў хату, вярнулася з кручком самагонкі. Параска выпіла набгом, ачомалася і пайшла да трактара. Крутнула ручку — і Бронік весела задырчэў. Трактар адагналі, чорную лужыну засыпалі пяском і трэскамі ад дрывотні. Скрутак з Ціханам паклалі ў трактар, і Параска адвезла яго ў Лозку, да чортавага акна, якое вядзе ў бездань. З гэтае твані, ліпучай, як смала, няможна было выцягнуць ні карову, ні авечку.

Там і дагэтуль ляжыць Ціхан Лашч, па-вулічнаму Буханка. Штопраўда, у яго застаўся сын, але не Лашч, а Мажэйка. А можа, і не толькі Мажэйка. У 1943 годзе, паміраючы ў балоце, дзе яны хаваліся ў блакаду, ля такога самага чортавага акна, Кузьміха сказала Парасцы:

— Пашанцавала табе, дзеўка. Каб не вайна, яны б так лёгка не адчапіліся. А ведаеш, чаго Несцер цябе ўсё жыццё бараніў? Сказаў, што Ціхан з калхоза ўцёк? Бо ты яго байстручка. Нагуляла цябе маці. І за гэта Пятро яе біў, пакуль не прыбіў.

Бронік СХТЗ 15/30 стаіць на высокім пастаменце ў слаўным мястэчку Багушэўск. Ціхан Лашч і старая Кузьміха спачываюць на самым дне сусвету. Несцер Жур — герой сацыялістычнай працы — ляжыць на кладах Красачкі. А ветэранка працы Праскоўя Пятроўна Мажэйка жыве ў доме ветэранаў і інвалідаў. За сваё доўгае жыццё яна не злазіла з дошкі гонару, усё больш падобная на абязьяну, як сказала б старая Кузьміха.

А цяпер Параску прыехаў павіншаваць сам прэзідэнт, падобны на яе моцны трактар і на яе самую, якой яна была некалі — заграбушчыя рукі, шырозныя плечы, сілішча. Падарыў букет, абняў. Волат, малойца.

Але ніхто і ніколі не можа зраўняцца з Бронікам Мятлушкам. Помняцца ёй яго сляды ботаў на раллі, залітыя дажджом. Яна тады падумала, што ўсё жыццё піла б з гэтых слядоў, абы толькі Бронік быў з ёй.

З часам у яе свядомасці Бронік — юнак і трактар — зусім зліліся, і з ейнага мармытання няшмат можна разабраць. Параска прасіла ўнука, каб той прыгнаў ёй Броніка і паставіў на магілу як «памятнік».

— Цяжка табе будзе, баба, пад трактарам, — сказаў унук.

— Дык і тому ж цяжка было, — адказала Параска.

 

Увесь аповед з’яўляецца трызненнем, любыя супадзенні выпадковыя.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?