«Гэта як «Эрагон», але лепш, — сказала мне мая 12-гадовая дачка. — «А чаму лепш?» — «Бо гэта пра Беларусь, а не пра нейкую іншую краіну. Бо такое можа быць у рэальнасці. Гэта можа здарыцца з любым з нас», — адказала яна.

«Эрагон» — гэта кніга Крыстафера Пааліні ў жанры фэнтэзі, якая займела вялікую папулярнасць і якую мае дзеці шмат разоў перачытвалі.

А «Сем камянёў» пачынаецца з таго, як дзеці ў гарадку ідуць на раку, рамантуюць свае шалашы, майструюць плот, але выпадкам Яся на ім зносіць па плыні, а жэрдка-стырно ламаецца. Несла плыт, несла, занесла ў туман. Ясь заснуў, а прачнуўся — у моры.

«І яшчэ гэтая кніга вельмі добра напісаная», — сказала дачка.

Дзецям прыпала да душы і мова твора. Ёсць у ёй нешта няўлоўна прывабнае для дзяцей і падлеткаў. Магія смешнага для дзяцей слова — скажам, як у расейскім перакладзе «Карлсана» яна ёсць, а ў беларускім — чамусьці няма. Дык вось, у «Сямі камянях» яна ёсць. Дзецям падабаліся ўсякія старыя беларускія словы, раскіданыя па тэксце.

«Мне вельмі спадабалася, — працягнуў мой 14-гадовы сын, — як Мірка сказала «Якая смаката!» — калі выпіла жывую ваду». І дзеці разрагаталіся.

Мірка — гэта адна з галоўных гераінь кнігі, дзеля выратавання якой і здзейсніць гераічнае падарожжа Ясь, да якога па чарзе далучаюцца сем Захоўнікаў.

Захоўнікі — гэта тыя людзі, якія захоўвалі Сем Камянёў. Сем Камянёў — гэта ключ да таямніцы жывой вады, якая вылечвае ад любых хваробаў. Ключ стварыў добры валадар старажытнай Эферыі яе залатога веку — Справядлівы Магнус. Сем Камянёў далі сямі найлепшым сем’ям, кожная з якіх мела найлепшы талент у адной са сфераў. Таямніцу Сямі Камянёў можа раскрыць толькі адзін — той, каго старажытныя летапісы называюць Дастойным. Хлопец Ясь, які апынуўся ў дзівоснай краіне Эферыі, спрабуе разгадаць схаваную ў вяках загадку крышталяў, каб выратаваць жыццё сваёй сяброўкі і вызваліць Эферыю ад прыгнёту злога самазванца.

Пад Эферыяй — «зямлёй, што ляжыць за туманамі» — угадваецца Беларусь. І так, гэта кніга з другім і трэцім сэнсавымі слаямі. І другі з іх — пра Беларусь. Там ёсць дыктатар Вормар, які правіў 24 гады. І гэтыя зразумелыя дзецям паралелі прыводзяць іх у захапленне. «Мне вельмі спадабалася, што гэта да Беларусі падобна, — прызнаецца дачка. — Калі шосты захоўнік Стэфан падае сігнал да паўстання, узнімае залаты сцяг, гэта так блізка, так падобна з маімі марамі!» — кажа яна.

«Веснік Эферыі» — газету, якая піша праўду, — мае дзеці параўналі з «Нашай Нівай». І дэвальвацыі там таксама адбываюцца…

Увогуле, гэта ўсё знаёмае ў незнаёмым, што так падабаецца падлеткам.

Канечне, гэта фантастыка. У Эферыі сканчаецца вада, яна робіцца мутнай. Яна хоць і танная, але ёй можна атруціцца. А чыстая вада вельмі дарагая, даступная абраным.

А вось момант праходу праз вялікія балоты, дзе жывуць вялікія чарвякі, якія рэагуюць на святло і на рух. «Гэта страшна?» — пытаюся. «Не, гэта проста цікава чытаць», — смяецца дачка.

Шмат магіі — вось што падабаецца дзецям. Магічная турма — гэта месца, дзе ёсць магічны калодзеж. Калі вып’еш з яго вады, то не зможаш выйсці з пустэльні. Цябе будзе магнітам цягнуць назад у турму.

«Неспрактыкаваны чытач знойдзе ў ім асаблівы свет, захапляльны сюжэт і цікавых герояў, спрактыкаваны — выявіць глыбокую хрысціянскую подбіўку», — піша рэцэнзентка сайта Вельвет.бай Ганна Севярынец.

Кніга мае выдатную вокладку — тыповую для стылю фэнтэзі. Дзецям даспадобы і форзацы — там мапы месца дзеяння, і гэта спрашчае для дзяцей успрыманне рэальнасці. Усё тут цэльна ў сваім жанры.

Сапраўды, «Сем камянёў» могуць стаць галоўным прэтэндэнтам на Прэмію Гедройця ў наступным годзе. Гэта кніга ў жанры, у якім раней па-беларуску не пісалі, створаная адначасова з вялікім майстэрствам і сэрцам. Гэта добрая кніга, добрая ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Аляксей Шэін. Сем камянёў. Раман / мастак Раман Сустаў. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2015. — 416 с.

Аляксей Шэін. Сем камянёў. Раман / мастак Раман Сустаў. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2015. — 416 с.

***

Прэзентацыя кнігі пройдзе ў чацвер, 18 чэрвеня, а 19-й у Imaguru: Бізнэс-клуб/ Startup Hub (Мінск, вул. Фабрыцыуса, 4, ст. метро «Інстытут культуры»)

Удзельнікі: Ганна Хітрык (вядоўца), Кацярына Ваданосава (музыка), Раман Сустаў (мастак) ды іншыя вельмішаноўныя людзі. Вас чакаюць віктарыны, конкурсы, прызы і аўтограф-сесія аўтара кнігі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?