Сёлета ў ранейшую Мекку пляжнага адпачынку беларусаў — Крым — ніхто не паедзе. Аднак жаданне правесці адпачынак на моры не знікае. «Наша Ніва» зрабіла падборку самых папулярных кірункаў для адпачынку.

Цэны прыводзяцца з разліку за аднаго чалавека за тыдзень.

1. Турцыя

Гэтая краіна стала самым папулярным месцам адпачынку сярод беларусаў. Дзясяткі турфірм засыпаюць сотнямі прапаноў. У сярэднім адпачынак у Турцыі абыдзецца прыкладна ў 7—8 млн за тры, радзей чатыры зоркі. Тур з вылетам з Масквы ці Кіева можна набыць танней. Таксама моцна ашчадзіць можна, набыўшы «гарачы тур». Аднак трэба звяртаць увагу на працягласць тура — за падобныя суммы можна атрымаць і тыдзень, і два адпачынку на моры ў залежнасці ад месца і гатэля. Самыя частыя накірункі турэцкага адпачынку — Аланья, Кушадасы, Кемер, Белек, Сідэ, Анталья. У асноўным «усё уключана» — канёк пляжнага адпачынку ў Турцыі.

2. Балгарыя

Гарачыя туры ў Балгарыю прапаноўваюць ужо за 3,5 мільёны. Аднак больш рэалістычная сума — ад 6,5 млн рублёў за 7 ці 8 начэй у трохзоркавым гатэлі. Трэба адзначыць, што прапановы «ўсё ўключана» сустракаюцца ў балгарскіх гатэлях нячаста. Асноўныя прапановы турагенцтваў — сняданкі ў гатэлі ці паўпансіён. Ёсць варыянты тураў без уключанага ў кошт харчавання. Ляцяць у Балгарыю ў асноўным з Мінска. Але не забудзьцеся, што акрамя аплаты тура спатрэбіцца яшчэ 60 еўра на афармленне шэнгенскай візы.

3. Егіпет

Цэны на гарачыя туры ў Егіпет пачынаюцца ўжо ад 4,5 млн рублёў. Аднак большая колькасць тураў ляжыць у цэнавым дыяпазоне ад 6,5 да 7,5—8 млн рублёў. За гэтыя грошы можна правесці 7—10 начэй у 4 ці 5-зоркавым гатэлі. Вядома, «усё ўключана». На жаль, вылятаць у Егіпет, хутчэй за ўсё, давядзецца з Масквы ці Кіева — прапаноў з вылетам з Мінска няшмат. Беларусам для ўезду ў Егіпет патрэбная віза, аднак яе ставяць адразу ў аэрапорце па прылёце. Візавы збор — 25 даляраў.

 4. Італія

У гэтай краіне пляжны адпачынак можна сумяшчаць з аглядам славутасцяў — у Італіі іх хопіць на некалькі жыццяў. Ды і курортны адпачынак надзвычай разнастайны: можна выбіраць Адрыятычнае, Тырэнскае, Іанічнае мора, кантынентальную Італію, Сіцылію, Сардзінію… Што тычыцца беларускіх тураператараў, большасць з іх гатовая паслаць кліентаў у раён Рыміні — вялізны курорт на паўночным усходзе Італіі. За 9—11-дзённы адпачынак на італьянскіх узбярэжжах прыйдзецца выкласці каля 9—11 мільёнаў ці больш. Пражыванне — у 2—3-зоркавых гатэлях. У цану пуцёўкі звычайна ўключаныя сняданкі, радзей прапануецца паўпансіён.

5. Грэцыя

Грэцыя са сваімі працяглай берагавой лініяй, сотнямі выспаў і адносна невысокімі цэнамі не перастае прыцягваць турыстаў, якія хочуць плаваць у моры, загараць і смачна есці. За тыдзень адпачынку ў Грэцыі па пуцёўцы беларускага тураператара давядзецца заплаціць 8—10 мільёнаў рублёў. У гэтую суму ўваходзіць пражыванне ў трохзоркавым гатэлі са сняданкамі ці паўпансіёнам. Самыя частыя кірункі — Родас, Крыт, Корфу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?