«Я патлумачу, чаму мы тады нічога не казалі прэсе. Гэта была палітыка нашай дзяржавы. Гэта не сакрэтная апэрацыя. Акурат тады адбываліся перамовы з Расеяй наконт цэнаў на газ, мы змагаліся за кожны даляр. Была дамова з пакупніком МЛС — да паступленьня сродкаў ад продажу дзярждолі ў бюджэт ні мы, ні яны ня мусілі агучваць ніякіх лічбаў» — распавёў журналістам пра асаблівасьці продажу Velcom Георгі Кузьняцоў. Па словах дырэктара Фонду дзяржмаёмасьці Натальлі Жарнасек, усе сродкі, атрыманыя ад продажу дзярждолі кампаніі, згодна заканадаўства патрапілі ў бюджэт. У выніку гэтая сума склала $556 млн. Н. Жарнасек падкрэсьліла, што паколькі МЛС на момант продажу зьяўляўся сумесным прадпрыемствам, заканадаўства выключала публічнасьць таргоў.
Адказваючы на пытаньне пра сьпіс аб’ктаў дзяржаўнай уласнасьці, падрыхтаваных да продажу ў 2008 г., Натальля Жарнасек паведаміла, што гэты сьпіс будзе гатовы напрыканцы лютага — пачатку сакавіка. «Што датычыць буйных прамысловых прадпрыемстваў, кшталту МАЗу, МТЗ, Беларуськалію ды іншых, то паўтаруся — прадмэтных прапановаў ад галіновых органаў дзяржаўнага кіраваньня па рэфармаваньні гэтых прадпрыемстваў не паступала» — зазначыла дырэктар Фонду дзяржмаёмасьці. І дадала: "Гэта не азначае, што адпаведныя прапановы ня могуць зьявіцца". Спн. Жарнасек падкрэсьліла, што працэдуры продажу дзяржмаёмасьці ў Беларусі мала чым адрозьніваюцца ад сусьветных: «Мы выступаем за празрыстасьць і зразумеласьць гэтых працэдураў».
На сёньня ў Беларусі налічваецца каля 13500 аб’ектаў маёмасьці, што не выкарыстоўваюцца па прызначэньні і не знаходзяцца ў гаспадарчым звароце, паведаміла Н. Жарнасек. Каля 60 % гэтых аб’ектаў будуць перапрафіляваныя і, пасьля вяртаньня ў гаспадарчы зварот, застануцца ва ўласнасьці дзяржавы. Каля 25–30 % такіх аб’ектаў будуць прададзеныя. Часьцей за ўсё гэта разбураныя, ці недабудаваныя будынкі.
У мінулым годзе сумарныя паступленьні ад продажу дзяржуласнасьці, атрыманьня дывідэнтаў ад акцыяў прадпрыемстваў, долі прыбыткаў прадпрыемстваў, прыбыткаў ад арэнды склалі 649 млрд руб. Сёлета заплянавана атрымаць на 10-15 % больш. Плянуецца, што ад продажу дзяржмаёмасьці ў бюджэт паступіць каля 4,7 млрд руб, аднак у Дзяржкамітэце па маёмасьці не выключаюць, што выніковая лічба значна перавысіць заплянаваную.