Старт працы візавага цэнтра Грэцыі ў Мінску пераносілася некалькі разоў. Але ўжо з 22 чэрвеня ён пачне абслугоўваць кліентаў, распавялі ў даведачнай службе кампаніі VFS Global. Ён адкрыецца па вуліцы Чыгуначнай, 33 на першым паверсе бізнес-цэнтра SV-Plaza.
Кароткатэрміновая турыстычная віза будзе каштаваць 3 480 расійскіх рублёў (сёння курс 282,67 беларускіх за адзін расійскіх). Аплачваць збор давядзецца толькі ў гэтай валюце, бо афармленне дакументаў робіцца праз консульскі аддзел у Маскве.
Сэрвісны збор за паслугі візавага цэнтра складзе 28 еўра. Ён выплачваецца ў беларускіх рублях паводле курса Нацбанка на дзень падачы дакументаў (сёння гэта 489 тысяч рублёў).
У абавязковы пакет дакументаў для атрымання візы ўваходзяць анкета, фотаздымак, пашпарт і копіі яго апошніх старонак, медстрахоўка, даведка аб даходах, праязныя дакументы і бронь гатэля.
«Гатэль можна замовіць і самастойна праз інтэрнэт-сэрвісы па браніраванні. Але пражыванне павінна быць загадзя аплачана як мінімум на 30%», — кажуць у візавым цэнтры.
У сярэднім разгляд дакументаў займае пяць рабочых дзён, не лічачы дня падачы.