Прыбыццё патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў нацыянальны аэрапорт Мінск чакаецца сёння, 20 чэрвеня, прыкладна апоўдні.

Гэта чацвёрты першасвятарскі візіт найсвяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў межы Беларускай праваслаўнай царквы. Ён прымеркаваны «да 1000-годдзя з дня смерці святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра — хрысціцеля Русі, а таксама да святкавання памяці Сабора беларускіх святых і 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», паведамляе прэс-служба патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. 

У 14.30 патрыярх Кірыл возьме ўдзел у цырымоніі ўскладання вянка да абеліска на плошчы Перамогі. 

У 17.00 кіраўнік РПЦ узначаліць служэнне ютрані ўсяночнага няспання ў Свята-Духавым кафедральным саборы на плошчы Свабоды. 

У 18.45 у Верхнім горадзе з удзелам патрыярха Кірыла пачнецца цырымонія адкрыцця Духоўна-адукацыйнага цэнтра Беларускай праваслаўнай царквы. «У сценах комплексу, збудаванага пры актыўнай дапамозе беларускай дзяржавы, будуць размяшчацца Мінская духоўная акадэмія, задачай якой з'яўляецца падрыхтоўка багаслоўскіх кадраў вышэйшай вучонай кваліфікацыі, і памяшканні профільных структур Беларускага экзархата. Плануецца, што цэнтр стане базай для рэалізацыі шэрагу асветніцкіх, культурных, маладзёжных і іншых праграм», — паведамляе сайт Маскоўскага патрыярхату. 

Затым кіраўнік РПЦ адбудзе ў Брэст, дзе раніцай 21 чэрвеня адслужыць Боскую літургію ва Уваскрасенскім саборы. 

У ноч з 21 на 22 чэрвеня патрыярх Кірыл правядзе памінальную літыю па воінах-вызваліцелях у Мікалаеўскам гарнізонным саборы Брэсцкай крэпасці, а таксама возьме ўдзел у жалобным мітынгу-рэквіеме на плошчы Цырыманіялаў у крэпасці. Мітынг пачнецца ў 4 гадзіны — час пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе. 

У той жа дзень кіраўнік РПЦ адбудзе ў Маскву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?