Навукоўцы Прынстанскага ўніверсітэта і Універсітэта Каліфорніі (ЗША) упершыню прасачылі ў рэальным часе перасоўванні 25 кенійскіх павіянаў анубісаў. Назіранні паказалі, што ў тыпова аўтарытарнай супольнасці павіянаў напрамак міграцыі абіраецца калектыўна, распавядае N+1 са спасылкай на артыкул у часопісе Science.

Адзін з павіянаў абірае напрамак руху. Калі другі ідзе за ім, ёсць вялікая імавернасць, што да пары далучацца іншыя. Калі другі не пойдзе за ім, наўрад ці пойдуць і іншыя. Статус малпы ў грамадстве не ўплывае на імавернасць далучэння да яе.

Імавернасць уцягнуць за сабой іншых павіянаў амаль ніяк не звязаная з полам, узростам і статусам, паказала даследаванне. За некаторымі павіянамі з нявызначаных прычын ішлі часцей, чым за іншымі, але тыя нярэдка бывалі ў самым нізе «сацыяльнай лесвіцы».

Здаралася і раздзяленне галасоў — дзве групы маглі пайсці па розных напрамках. Калі вугал разыходжання быў большым за 90 градусаў, астатнія малпы ішлі пасярэдзіне між дзвюма групамі. Калі разыходжанне было меншым за 90 градусаў, меншая група далучалася ў выніку да большай.

Такую сістэму міграцыі навукоўцы назвалі «адзін павіян — адзін голас». Яна падобная да сістэм міграцыі ў шматлікіх птушак і рыб, але нетыповая для аўтарытарызму павіянаў.

У павіянаў рашэнні звычайна прымаюцца строга па іерархіі: малпы з высокім статусам атрымліваюць больш ежы, а ўласна ежа абіраецца (часта няўдалымі) рашэннямі альфа-самцоў. І сваю праўду альфа-самцы могуць навязаць сілай. Але ў выпадку міграцыі да альфа-самцоў прыслухоўваюцца нават радзей, чым да ніжэйшых па іерархіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?