Пазоў Мікалая Чаргінца да журналіста Аляксандра Тамковіча і выдаўца газеты «Новы час» папоўніў спіс самых «дарагіх» зыскаў з боку дзяржаўных службоўцаў да недзяржаўных выданняў. Куды чыноўнікі трацяць адсуджаныя ў журналістаў грошы?

Такім чынам, у гэтым шэрагу «дарагіх» зыскаў сёння:

— зыск дзяржсакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана да газеты «Навіны» ў 1999 годзе (сума кампенсацыі з рэдакцыі і журналіста Сяргея Аніські — каля 50 тыс. долараў);

— зыск былога старшыні Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка да газеты «Наша свабода» ў 2002 г. (сума кампенсацыі з рэдакцыі і журналіста Міхаіла Падаляка — каля 56 тыс. долараў);

— зыск былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова да «Народнай волі» ў 2003 г. (сума кампенсацыі з рэдакцыі, журналісткі Марыны Коктыш і былой супрацоўніцы БТ Элеаноры Язерскай — каля 24 тыс. долараў);

— зыск дэпутата Нацыянальнага сходу Сяргея Гайдукевіча да той жа «Народнай волі» ў 2005 г. (сума кампенсацыі — каля 45 тыс. долараў);

— зыск старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандра Шпілеўскага да рэдакцыі газеты «Комсомольская правда» в Белоруссии» ў 2006 г. (сума кампенсацыі — каля 27 тыс. долараў);

— зыск былога кіраўніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Алега Праляскоўскага да рэдакцыі газеты «Народная воля» і журналісткі выдання Марыны Коктыш у 2007 г. (сума кампенсацыі — каля 15 тыс. долараў);

— зыск старшыні камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалая Чаргінца да выдаўца газеты «Новы час» і журналіста Аляксандра Тамковіча (сума кампенсацыі — каля 24 тыс. долараў).

Мікалай Чаргінец паабяцаў пералічыць атрыманыя сродкі на лячэнне псіхічна хворых людзей. «Я ў «Народнай волі» прачытаў, што яны заклапочаны, што ў нас усё больш людзей хварэюць на псіхічныя захворванні», — не аднойчы заяўляў сп. Чаргінец прадстаўнікам СМІ.

Журналісты яшчэ спрабуюць абскардзіць рашэнне Першамайскага раённага суда ў вышэйшых інстанцыях — праўда, пакуль што беспаспяхова.

А які лёс грашовых кампенсацый, раней адсуджаных высокімі чыноўнікамі ў недзяржаўных выданняў?

Грошы Шэймана

У 1999 годзе цяперашні дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман адсудзіў у журналіста Сяргея Аніські і газеты «Навіны» каля 50 тысяч долараў. Сяргей Аніська, з якога на працягу сямі гадоў судовыя выканаўцы спаганялі грошы, не ведае, як імі пасля распарадзіўся зыскоўца.

«Калі не памыляюся, то адсуджаныя грошы Шэйман меў намер аддаць у нейкі дом ці інтэрнат для інвалідаў вайны, — гаворыць Сяргей Аніська. — Але я не ведаю адраса гэтага дома. Справа ў тым, што па рашэнні суда грошы трэба было пералічыць на адпаведны рахунак, але што хаваецца за лічбамі рахунка — невядома».

Па словах С.Аніські, на працягу 7 гадоў з яго пенсіі штомесяц вылічвалі па 30 працэнтаў. Куды падзелася маёмасць, канфіскаваная ў яго па рашэнні суда, С.Аніська таксама не ведае:

«Мне адзін знаёмы расказваў, што ў Мінску ёсць спецыяльны склад‑крама, дзе захоўваецца, а потым прадаецца ўся канфіскаваная па рашэнні суда маёмасць. Але шырокай рэкламы гэтай крамы няма. Калі верыць таму, што мне распавядалі, туды прыходзіць даволі вузкае кола людзей…».

Грошы Тозіка

У 2002 годзе суд часткова задаволіў зыск былога старшыня Камітэта дзяржкантролю Анатоля Тозіка, абавязаўшы журналіста Міхаіла Падаляка і газету «Наша свабода» выплаціць яму за «зняважаныя гонар і годнасць» суму, эквівалентную 56 тыс. доларам. Прадстаўнікі Анатоля Тозіка ў дадатках да зыску ўдакладнілі, што грашовую кампенсацыю трэба пералічыць на завяршэнне будаўніцтва шпіталю ў Пінскім раёне.

Цікава, што Анатоль Тозік дараваў доўг журналісту Міхаілу Падаляку.

«З мяне грошы Тозік так і не спагнаў. Калі мяне гвалтоўна дэпартавалі, я казаў, што не магу з’ехаць з Беларусі, бо яшчэ павінен выплаціць грошы Тозіку. А ў адказ пачуў, што мне ўсе даўгі даравалі…

А ў «Нашай свабоды», наколькі я памятаю, апісалі маёмасць, арыштавалі банкаўскія рахункі. На маю думку, для дзяржавы выгадней было б зрабіць наадварот — калі судом вызначаная нейкая сума да выплаты, то дайце магчымасць зарабіць грошы і заплаціць па рахунках. Але нешта ў галовах беларускіх чыноўнікаў не так спрацоўвае, калі яны не разумеюць такіх простых рэчаў…».

Грошы Рыбакова

У 2004 годзе суд абавязаў газету «Народная воля», былую тэлевядучую Элеанору Язерскую і журналістку Марыну Коктыш выплаціць каля 45 тысяч долараў па зыску Ягора Рыбакова, які ў той час узначальваў Белтэлерадыёкампанію.

Праз некаторы час Ягора Рыбакова арыштавалі. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі строгага рэжыму. Не выключана, што за кошт «Народнай волі» Рыбакоў часткова разлічыўся з дзяржавай — па рашэнні Вярхоўнага суда ён павінен быў выплаціць Белтэлерадыёкампаніі 212 мільёнаў рублёў, а таксама заплаціць дзяржпошліну ў памеры 21 мільёна беларускіх рублёў. Аднак пацвердзіць ці зняпраўдзіць гэтыя здагадкі аўтарам даследавання не ўдалося.

Грошы Гайдукевіча

У 2005 годзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч па рашэнні суда спагнаў з «Народнай волі» каля 45 тысяч долараў за маральны ўрон ад публікацыі, прысвечанай яго нібыта супрацоўніцтву з рэжымам Саддама Хусейна.

У сваіх шматлікіх інтэрв’ю Гайдукевіч не аднойчы паўтараў:

«Мяне не цікавяць адсуджаныя ў «Народнай волі» грошы. Я асабіста не дакрануся ні да цэнта. Ёсць бяздомныя, ёсць дзеці, якіх трэба падтрымліваць. Я дэпутат, у мяне ёсць дзесяткі школ, людзей, якія звяртаюцца за дапамогай. Я паступлю па‑чалавечы… Кожная капейка будзе расходавацца адкрыта…».

Пазней у каментары інтэрнет‑выданню «Салідарнасць» С.Гайдукевіч паведаміў, што не будзе пералічваць грошы ў нейкую адну ўстанову.

Мы вырашылі яшчэ раз удакладніць, дзе гэтыя грошы.

«А навошта вам гэта, і чаму раптам ізноў узнікла гэтае пытанне? — здзівіўся С.Гайдукевіч. — Я ж ужо дзесяць разоў адказваў на гэтае пытанне, называў усё, навошта яшчэ раз буду паўтараць? Тым больш што мяне гэтая тэма не цікавіць. Надакучыла адказваць на адны і тыя ж пытанні!»

Пасля гэтага сп. Гайдукевіч паклаў трубку.

Дарэчы, у лютым 2006 года Гайдукевіча называлі самым багатым кандыдатам ў прэзідэнты. Сродкі масавай інфармацыі са спасылкай на прадстаўленыя ў Цэнтрвыбаркам дадзеныя паведамлялі, што яго сукупны гадавы даход склаў 142.947.228 рублёў. У гэтую суму ўваходзілі заробак, пенсія, прыбытак ад продажу аўтамабіля і «кампенсацыя маральнага ўрону» праз суд, выйграны ў «Народнай волі».

Грошы Шпілеўскага

У 2006 годзе старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі падаў зыск да газеты «Комсомольская правда» в Белоруссии». Сума кампенсацыі на карысць дзяржслужбоўца склала каля 27 тысяч долараў.

Прэс‑служба Дзяржаўнага мытнага камітэту паведаміла, што кіраўнік ведамства на гэтыя грошы набыў 9‑месны мікрааўтобус «Lublin», які падараваў Смаргонскай школе‑інтэрнату для сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Дырэктарка школы‑інтэрнату паведаміла нам, што Аляксандр Шпілеўскі таксама пералічыў грошы для набыцця трэнажораў. «Канешне, мы вельмі задаволеныя гэтым фактам», — сказала яна.

Грошы Праляскоўскага

«А хто такі гэты Алег і чаму ён павінен нам пералічыць нейкія грошы?»

Не так даўно газета «Народная воля» і журналістка Марына Коктыш разлічылілся з былым кіраўніком галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта — памочнікам прэзідэнта Алегам Праляскоўскім. У зыску сп. Праляскоўскі адразу пазначыў, што мае намер усе грошы (а гэта прыблізна каля 30 мільёнаў беларускіх рублёў) за так званы маральны ўрон пералічыць на рахункі двух дзіцячых дамоў — Ждановіцкага спецыяльнага дашкольнага і дзіцячага дома № 6 горада Мінска. Мы патэлефанавалі ў абодва дзіцячыя дамы.

Галоўны бухгалтар Ждановіцкага дзіцячага дома здзіўлена перапытала: «А хто такі гэты Алег і чаму ён павінен нам пералічыць нейкія грошы? Мы пра гэта нічога не ведаем… Былі нейкія грошы — прыблізна каля 300 тысяч з нечым беларускіх рублёў. А каб разлік на мільёны — такога не было…».

У дзіцячым доме № 6 Мінска таксама сказалі, што ніякіх «выпадковых» грошай да іх не паступала. «Ніякіх буйных сум мы не атрымлівалі. У нас крыху мяняліся разліковыя сістэмы, таму тое, што да нас прыходзіла, мы накіроўвалі назад, але гэта было толькі адзін раз і гаворка ішла пра суму ў 240 тысяч. А вялікіх мільённых сум не было…».

Магчыма, былы кіраўнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення пакуль проста не паспеў распарадзіцца сумай спагнанай кампенсацыі?

Вера Тарасава, baj.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0