Гара на Цэрэры зверху фота (здымак перагорнуты). Тут і ніжэй фота: NASA/JPL-Caltech/UCLA/MPS/DLR/IDA
Гара на Цэрэры размяшчаецца справа ад цэнтра
Міжпланетная аўтаматычная станцыя NASA «Усход» засняла на карлікавай планецэ Цэрэра незвычайную гору, распавядае NASA.
Самотная пяцікіламетровая гара стаіць на плоскай паверхні, побач з ёй няма параўнальных узвышшаў. Схілы гары вельмі крутыя.
Паходжанне гары невядомае.
Акрамя таго, на Цэрэры былі знойдзеныя шматлікія кратары з узвышшамі ў іх цэнтры (такія структуры часам трапляюцца і на іншых планетах, але на Цэрэры яны вельмі частыя). Ёсць выразныя сведчанні былой актыўнасці на паверхні: патокаў, апоўзняў, разбурэння структур.
Белыя плямы на Цэрэры, фрагмент фота
«Усход» таксама зрабіў новы здымак таямнічых белых плям у кратары на Цэрэры. Выявілася, што плямы не дзве, а значна больш. Іх паходжанне дакладна не вызначанае дагэтуль, але мяркуецца, што святло такім чынам можа адбіваць лёд.
***
Цэрэра — адкрытая ў 1801 годзе карлікавая планета ў поясе астэроідаў між Марсам і Юпітарам. Дыяметр па экватары складае каля 963 км, што ў 13 з лішнім раз менш за Зямлю. Міжпланетная станцыя «Усход» даляцела да Цэрэры 6 сакавіка 2015 года. Кітай плануе (PDF) ў 2020-х гадах узяць з Цэрэры пробы грунту.