У верасні 2014 г. гандбаліст СКА і зборнай Беларусі Раман Лукашук атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні недалёка ад уваходу ў начны клуб і праз тыдзень памёр. Упраўленне Следчага камітэта па Мінску апублікавала інфармацыю, што гулец, выходзячы з начнога клуба, пасварыўся з раней незнаёмым яму мужчынам з нагоды чарговасці пасадкі ў таксі. Падчас канфлікту гандбаліст ўпаў ад атрыманага ўдару апанента.

Гэтая версія без якіх-небудзь змяненняў прайшла шлях ад папярэдняга расследавання да вынясення прысуду: абвінавачанаму Максіму Урубухаву 1988 г.н. за ўчыненае злачынства суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 6 гадоў.

Аднак у прысудзе прысутнічае і альтэрнатыўны пункт гледжання. Бацька загінулага спартсмена Аляксандр Лукашук «мяркуе, што сын быў забіты 7 верасня 2014 каля кавярні «Мулен Руж», і прычынай забойства з'яўлялася яго прафесійная дзейнасць, барацьба за месца ў нацыянальнай зборнай па гандболе, статус аднаго з самых перспектыўных гульцоў краіны. Таму вінаватым у смерці сына зьяўляецца не Урубухаў, а іншая асоба, і ён не мог прычыніць сыну цялесныя пашкоджанні, следства праведзена не ў поўным аб'ёме. Урубухаў падлягае апраўданню».

З падобнай заявай Лукашук-старэйшы звярнуўся ў рэдакцыю «БелГазеты». Ён перакананы, што прычына смерці Рамана — не спрэчка за машыну таксі, якую, між іншым, не ўдалося знайсці: уся справа ў зайздрасці. Маўляў, пасля развалу мінскага «Дынама» канкурэнцыя на ўнутранай арэне абвастрылася, і далёка не ўсім падабалася выжываць у цяжкіх умовах.

Аляксандр Лукашук налічыў чатырох гандбалістаў, якія ў ноч смерці Рамана знаходзіліся каля злашчаснага начнога клуба. Пазіцыя бацькі будуецца выключна на відэазапісы з камер назірання. Ён упэўнены: тое, што ўбачылі яго вочы, кардынальна разыходзіцца са сведкамі і афіцыйнай версіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?