Гомельскі грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак святкуе 23 чэрвеня свой трыццаты дзень народзінаў. Праз свой фэйсбук юбіляр заклікаў усіх неабыякавых павіншаваць яго грашовым пераводам. Але гэтыя сродкі ён патраціць не на сябе — на іх будзе куплены аўтамабіль для ўкраінскіх вайсковых лекараў.

Андрэй Стрыжак, фота з фэйсбука.

Андрэй Стрыжак, фота з фэйсбука.

Стрыжак — адзін з валанцёраў грамадскай ініцыятывы «Гуманітарны маршрут «Беларусь—АТА». Валанцёры з «маршруту» ўжо адправілі два аўтамабілі ва украінскі Першы дабраахвотны мабільны шпіталь імя Пірагова — гэта згуртаванне лекараў-валанцёраў, якія ратуюць параненых на перадавой ваеннага канфлікту з сепаратыстамі.

«Першая машына, якая атрымала назву «Ратаўніца», цяпер знаходзіцца на пазіцыях. Гэта рэанімабіль, з усім патрэбным абсталяваннем. Другая машына будзе працаваць у складзе хірургічнага аддзела ў якасці транспартнай машыны. Гэты аддзел створаны спецыяльна для таго, каб ратаваць тых, хто знаходзіцца непасрэдна ў прыфрантавой зоне. Для яе канадцы перадалі адмысловае абсталяванне, якое дазваляе зберагчы жыццё амаль 90% параненых, — распавядае Стрыжак. — Калі ў хірургічнага аддзела не будзе працы, на нашай машыне будуць перавозіць гуманітарныя грузы, бо людзям, якія жывуць у зоне канфлікту, таксама аказваюць дапамогу: да іх выязджаюць медыкі, ім перадаюць ежу і лекі».

Другі аўтамабіль атрымаў імя «Мая». З гэтым звязана цікавая гісторыя: ў валанцёраў з’явіўся ананімны інвестар, які паабяцаў, што калі яны збяруць палову патрэбнай сумы, то другую палову пералічыць ён. Адзінай умовай было — назваць машыну «Маяй». І сапраўды, калі назбіралася роўна палова, $1,5 тысячы з патрэбных $3 000, той самы ананім сваё слова стрымаў. І «Мая» паехала ва Украіну.

Цяпер Андрэй збірае грошы — ізноў $3000 — на яшчэ адзін аўтамабіль для украінскага Мабільнага шпіталя. На гэты раз валанцёры збіраюцца набыць уседарожнік.

«Сёння лекарам больш за ўсё патрэбен транспарт павышанай праходнасці. Але гэта сёння — там жа ідуць баявыя дзеянні, у любы момант з якой-небудзь машынай можа штосьці здарыцца, і будзе іншы расклад, — тлумачыць Стрыжак. — Увогуле, на вайне лёс у тэхнікі кароткі, звычайна — не больш за паўгода».

Вядома, што за тры тысячы добры джып не набудзеш. Але, кажа Стрыжак, нічога страшнага. Калі машыну набудуць, яе адправяць у Кіеў, і там мясцовыя майстры прывядуць яе ў парадак. Затым яна адправіцца на фронт.

І, дарэчы, той самы ананімны інвестар ізноў паабяцаў, што, калі палова сумы збярэцца, ён памножыць яе на два. Праўда, ў гэты раз умоў наконт назвы не ставіў, таму, кажа Стрыжак, як назваць аўтамабіль, можна будзе абмяркоўваць. На думку самога Андрэя, добрым варыянтам было б ахрысціць уседарожнік «Волатам».

Буйнымі сумамі беларусы дапамагаюць валанцёрам не ў першы раз. Калі збіралі грошы на той самы рэанімабіль «Ратаўніца», трэба было знайсці $5,5 тысяч. І, па словах Стрыжака, адзін з беларусаў, які жыве за мяжой, даў на машыну $1,5 тысячы, а іншы, які жыве ў Беларусі, пералічыў $2,2 тысячы. 

Ідэя набываць для АТА машыны выспела паступова. Спачатку «Гуманітарны маршрут» збіраў простую дапамогу: лекі, прадукты. Потым даведаліся пра той самы Мабільны шпіталь. Сёння «Маршрут» супрацоўнічае з фондам, які базуецца ў Чарнігаве, і дапамагае ўцекачам з зоны баявых дзеянняў, сем’ям параненых і загінулых украінскіх вайскоўцаў гуманітаркай. А лекарам дапамагаюць машынамі.

«Асаблівасць Мабільнага шпіталя ў тым, што ён у самы хуткі час можа быць згорнуты і перакінуты ў іншае месца. А ўсе медыкі ў ім працуюць бясплатна, — падкрэслівае Стрыжак. — Усяго там працуе прыкладна 50 чалавек. Ёсць нават адзін амерыканец і адзін расеец».

Сам Андрэй наведваў зону АТО ўжо чатыры разы — вазіў машыны і гуманітарныя грузы. Ён прызнае, што сітуацыя не такая адназначная. А тое, што транслююць як расійскія, так і украінскія СМІ — гэта ўжо спаборніцтва прапагандыстаў. Але ж, упэўнены Стрыжак, раней ці пазней канфлікт скончыцца, і Украіна зноў будзе адзінай краінай.

«Тое, што адбываецца ва Украіне, — гэта моцны выклік, пагроза правам чалавека і свабодзе. І пакуль наша дзяржава не можа дакладна вызначыцца са сваёй пазіцыяй, шмат залежыць ад звычайнага чалавека. Калі ў суседа нешта здараецца — я не буду доўга разважаць, а займуся дапамогай. Ды і ў Еўропе так прынята. Еўрапейскі Саюз пабудавалі па прынцыпах узаемнай дапамогі, — кажа Стрыжак. — Але наш «Гуманітарны маршрут» — гэта абсалютна незалежная ні ад каго прыватная ініцыятыва. Ні да якой арганізацыі мы не належым, ні да еўрапейскай, ні да беларускай, ні, тым больш, дзяржаўнай. Беларуская дзяржава нам не дапамагае, але пакуль што і не замінае, і дзякуй ім за гэта».

P.S. Калі вы хочаце дапамагчы валанцёрам з «Гуманітарнага маршруту «Беларусь-АТА», то можна пералічыць грошы праз EasyPay (17629694 Стрыжак Андрэй Сяргеевіч, Рэчыца, вул. Набярэжная 130) ці проста пакласці на рахунак мабільніка +375 44 510-05-11. Суму, якая трапіць «на тэлефон», Стрыжак потым перавядзе на агульны рахунак, на якім збіраюцца грошы на аўтамабіль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?