Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў занепакоены зніжэннем долі продажаў тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным гандлі, якое адбылося за апошнія некалькі гадоў. У аўторак на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў кіраўнік урада паставіў задачу па яе аднаўленні.
На сённяшнім пасяджэнні былі разгледжаны меры, што прымаюцца ў рэспубліцы, па рэалізацыі галіновых і рэгіянальных праграм дзеянняў па імпартазамяшчэнні, а таксама па напаўненні ўнутранага рынку таварамі беларускай вытворчасці.
Андрэй Кабякоў нагадаў, што работа па імпартазамяшчэнні ў рэспубліцы будуецца па адобранай кіраўніком дзяржавы ў кастрычніку 2008 года схеме работ, мерапрыемствы якой ахопліваюць больш за палавіну неэнергетычнага імпарту. Таксама па гэтай схеме рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты па мадэрнізацыі прамысловага комплексу. Як было адзначана, з 2008 года ў Беларусі асвоена вытворчасць практычна ўсёй асноўнай тэхнікі і абсталявання для сельскай гаспадаркі, закрыта таксама шырокая наменклатура будаўнічых тавараў, за кошт чаго толькі ў гэтым годзе скараціўся імпарт паліраванага шкла на 53 працэнты, гіпсакардону - на 45 працэнтаў.
«За мінулыя гады вынікі ў рабоце ёсць, але яны не з'яўляюцца для нас дастатковымі, - канстатаваў прэм'ер-міністр. - Імпарт тавараў застаецца даволі высокім». Так, толькі за апошнія чатыры гады на 72 працэнты павялічыўся імпарт спажывецкіх тавараў (мэблі - у 2,2 раза, мыла - у 3,9 раза, легкавых аўтамабіляў - на 34 працэнты, лекавых сродкаў - на 44 працэнты).
«Сур'ёзную занепакоенасць выклікае зніжэнне долі продажаў тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным гандлі (з 77 працэнтаў у 2010 годзе да 70 працэнтаў у I квартале 2015-га). Асабліва па групе нехарчовых тавараў (з 65,4 працэнта да 50,9 працэнта адпаведна)», - прадоўжыў кіраўнік урада.
Так, у прыватнасці, з 2010 года ў структуры продажаў на ўнутраным рынку скарацілася доля айчынных тэлевізараў (з 76 працэнтаў да 12 працэнтаў), халадзільнікаў і маразільнікаў (з 76 працэнтаў да 65 працэнтаў), пральных машын (з 42 працэнтаў да 34 працэнтаў) і інш. У бягучым годзе страчваюць пазіцыі на беларускім рынку айчынныя кандытарскія вырабы з цукру (на 2,4 працэнта), мінеральная вада (на 6,3 працэнта), безалкагольныя напіткі (на 2,6 працэнта). «Усе гэтыя пазіцыі на айчынным рынку павінны быць адноўлены», - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Гэта пытанне ён даручыў узяць на самы жорсткі кантроль віцэ-прэм'еру Уладзіміру Сямашку, менавіта ён усе гады курыраваў рэалізацыю схемы работ па імпартазамяшчэнні ў краіне.
Кіраўнік урада лічыць, што Міністэрству гандлю трэба больш актыўна працаваць з буйнымі сеткамі і вытворцамі, а таксама з гандлем у цэлым. «Трэба выбудаваць дакладную сістэму, якая функцыянуе пры мінімальным адміністрацыйным умяшанні, - выказаў меркаванне прэм'ер. - Мэта - у гандлі павінна быць больш разнастайных якасных і даступных па цане айчынных тавараў. Усё, што вырабляецца ў краіне, павінна быць прадстаўлена да выбару пакупніка, і няхай ён сам вырашае».
Андрэй Кабякоў падкрэсліў: самы эфектыўны інструмент у барацьбе за рынак сёння - гэта высокая якасць айчыннай прадукцыі, шырокі асартымент, канкурэнтная цана, а таксама пазіцыянаванне тавараў на рынку і іх рэклама. На яго погляд, беларускія прадпрыемствы пакуль марудна падстойваюцца пад рынак, слаба рэагуюць на пытанні гандлю. «Слаба выкарыстоўваецца і патэнцыял індывідуальных прадпрымальнікаў, а гэта фактычна мабільная, добра падрыхтаваная, даступная для людзей збытавая сетка», - падагульніў кіраўнік урада.