22 чэрвеня Абалонскі раённы суд Кіева вынес прысуд па справе пяці сяброў арганізацыі «Правы сектар». Сярод падсудных быў і беларус Дзмітрый Лісковіч.

Дзмітрый Лісковіч (крайні справа).

Дзмітрый Лісковіч (крайні справа).

Афіцыйна хлопцы былі асуджаныя за выкраданне і збіццё чалавека. Але абарона настойвала на зусім іншай версіі здарэння. Маўляў, у маі мінулага года ў «Правы сектар» прыйшла адна жанчына, якая прасіла абараніць сваё жыллё ад рэйдэрскага захопу. І прадстаўнікі «Правага сектара» адгукнуліся на гэтую просьбу.

Праўда, потым чалавек, ад якога нібыта абаранялі жыллё, падаў у суд на хлопцаў. Пракурор прасіў для абвінавачаных 7 гадоў зняволення, ён не бачыў ніводнай змякчальнай абставіны справы, але прысуд быў не такім жорсткім – 4 гады.

Сярод асуджаных не толькі беларус Лісковіч, але і грамадзянін Расіі Міхаіл Стрэлкін, які паўтра года таму прыехаў ва Украіну дзеля падтрымкі Майдана. Таксама асуджаныя тры грамадзяніны Украіны – Аляксандр Полугарбатаў, Андрэй Дземчанка і Андрэй Піпенка.

Вядома, што Лісковіч і Стрэлкін нейкі час знаходзіліся ў Лук’янаўскім СІЗА Кіева, але пасля былі пераведзеныя на хатні арышт.

Дарэчы, як паведамляюць сябры асуджаных, жанчына, якую «правасектараўцы» абаранялі ад «рэйдэра», прыходзіла на суд і плакала пасля абвяшчэння выраку. Кватэру адстаяць у яе атрымалася. Сам пацярпелы на працэсе не з’яўляўся, ён цяпер жыве за мяжой.

Падчас усяго зняволення прадстаўнікі «Правага сектара» дапамагалі арыштаваным з перадачамі і адвакатам. У Абалонскім судзе Кіева «НН» не прадставілі афіцыйную інфармацыю па працэсе.

Цяпер мы спрабуем знайсці дадатковую інфармацыю аб тым, кім быў Дзмітрый Лісковіч, як даўно ён жыве ва Украіне і як трапіў у «Правы сектар».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?