Летась кампанія «Белавія» папоўніла свой парк двума канадскімі самалётамі CRJ‑100. 14 лютага адзін з гэтых лайнераў разбіўся ў Ерэване.

На шчасце, ніхто не пацярпеў. Як стала вядома «Комсомольской правде в Белоруссии», у мінулы панядзелак другі самалёт CRJ‑100 не здолеў узляцець у мінскім аэрапорце. Гэта лайнер выконваў рэйс у Маскву. Самалёт разагнаўся па паласе, але не ўзляцеў.

Тое самае паўтарылася пры другой спробе. У выніку 37 пасажыраў былі эвакуіраваныя, а рэйс затрымалі на гадзіну. Усіх пасажыраў адправілі на Ту‑154. Самалёт, які не змог узляцець, адбуксіравалі на тэхнічную праверку.

Высветлілася, што адбыўся тэхнічны збой: не спрацавалі закрылкі. Прычынай стаў камп’ютэрны збой. З‑за гэтага ўчора адмянілі два прамыя рэйсы — у Прагу і Берлін, якія павінны былі выконвацца на гэтым лайнеры. Пасажыраў адправілі праз Варшаву і Кіеў, паколькі ў «Белавіі» быў толькі Ту‑154. Гэты самалёт у Еўропу не пускаюць з‑за высокага ўзроўню шуму.

Дарэчы, сёння CRJ‑100 пасля рамонту адновіць свае рэйсы.

Еўрапейскае радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0