Беларусы Арцём Ткачук і яго нарачоная Марта Бекіш – валанцёры дабрачыннай місіі Foyer St. Dominique ў камерунскай сталіцы Яўндэ. У гэтым інтэрв’ю Арцём раскажа «Каталіцкаму Весніку» пра сваё служэнне.
– Арцём, якім чынам Вы сталі валанцёрам у далёкім Камеруне?
– З маёй нарачонай мы прыехалі сюды ў кастрычніку 2014 года. Амаль за год да гэтага мы пазнаёміліся з айцом Дарыюшам Гадавам, польскім дамініканцам, які з’яўляецца заснавальнікам місійнай пляцоўкі Foyer St. Dominique. Ён збіраў грошы на сваю місію ў касцёле і казаў пра тое, што запрашае маладых людзей да сябе. Вось мы і напрасіліся. Скончылі чацвёрты курс універсітэта, узялі акадэмічны адпачынак і паехалі.

– Раскажыце, калі ласка, пра місію Foyer St. Dominique.
– У місіі жыве 30-35 асобаў дзяцей і моладзі. Пачынаючы ад Ванцьян, якой тры гады, і заканчваючы Мбомба, якой пад 30. Яна робіць заключную практыку пасля ўніверсітэта ў лабараторыі (яна біяхімік). Усе тут жывуць, ядуць, адпачываюць, спяць.
Гэта дзіцячы дом, які існуе з 1997 г. Не ўсе дзеці, што тут жывуць, сіроты. У значнай часткі ёсць маці ці тата. Але ні ў кога няма дваіх бацькоў. Ёсць поўныя сіроты: у гэтым годзе памерла маці траіх дзяцей, якія ў нас жывуць. Фабрыса проста з вуліцы прывяла адна законніца, што яго падкармлівала і гэтак далей. Палігамія тут існуе ў адкрытым выглядзе. У Foyer ёсць паўбраты ці паўсёстры, гэта значыць, дзеці ад адной маці, але розных бацькаў. Перамешана гэта ўсё. Але галоўнае мэта місіі – дзеці. Яны ж ні ў чым не вінаватыя.
Таксама Foyer аплочвае школу 200 дзецям з бедных сем’яў. Ды і самім сем’ям нейкія сродкі на ўтрыманне малых даюцца. Самых здольных накіроўваем на вучобу ў Польшчу.

– У чым заключаецца менавіта Вашае служэнне?
– Галоўная мэта нашага прыезду – пазашкольныя заняткі. Марта выкладала англійскую, займалася з наймалодшымі, я праводзіў заняткі па геаграфіі, матэматыцы, гісторыі. За год удалося арганізаваць збор сродкаў на лячэнне адной глуханямой дзяўчынкі. Купілі новыя маразільнік і газавую пліту. Рабілася і шмат іншай працы. Місія можа прыняць да 60 дзяцей, але не можа сабе гэтага дазволіць. Няма сродкаў. Таму валанцёрам трэба і дзецьмі займацца, і новых спонсараў шукаць, і нешта па гаспадарцы рабіць. Працы хапае. На наступны год няма ахвотных прыехаць. Можа, які чытач хацеў бы, дык няхай скантактуецца.

– Хацелася б падрабязней даведацца пра духоўнае жыццё камерунцаў…
– Тут Афрыка, тут усё па-іншаму. Гісторыя хрысціянства ў Камеруне пачалася толькі ў канцы 19 стагоддзя, таму тут шмат паганскіх элементаў. Трэба яшчэ шмат часу. У Касцёл хадзіць любяць, пры парафіях існуюць па 3-4 хоры, шмат малітоўных груп. Тут ніхто не цураецца крыжа, ружанца, Бібліі. На таксоўках модна пісаць урыўкі з Псальмаў. Святароў усе паважаюць. А вось а. Дарыюш у сваёй парафіі за 20 гадоў асвяціў 20 шлюбаў, пры тым што адна камерунка ў сярэднім нараджае 5 дзяцей і 45% насельніцтва складаюць асобы да 15 гадоў. Адны рэчы ў каталіцтве культура прымае хутка, іншыя павольна.

– Як выглядае звычайны дзень?
– Дзень пачынаецца а 06.00 св. Імшой. Дзеці прачынаюцца раней, а 4-5 гадзіне раніцы, каб перад службай прыбраць свае ўчасткі місіі, памыцца, нешта яшчэ зрабіць. Пасля літургіі ўсе хутка збіраюцца і ідуць у школу. Наступае цішыня. Мы як валанцёры рыхтуем заняткі, робім розныя справы, якія датычаць місіі. Пасля 14.30 дзеці вяртаюцца са школы. Пачынаецца вірлівае жыццё, мы называем гэта «млын». Шум, гам, крыкі (усміхаецца). Ну як з дзецьмі, карацей… Прыходзіць рэпетытар і робіць дамашняе заданне з пачатковай школай. Марта займацца чацвёркай дзяцей з дзіцячага садка, я крыху «мучаю» старэйшых. А 17.30 – штодзённы ружанец, пасля яго пачынаюцца заняткі, пра якія я пісаў. А 19.00 – вячэра. Пасля яе мы праводзім яшчэ агульныя заняткі. Дзесьці а 21.30-22.00 усе кладуцца спаць. Чым менш вольнага часу для дзяцей – тым лепш.

– Што найбольш уразіла ў Камеруне?
– Сямейныя адносіны для мяне былі хіба што найбольшым «космасам». Паўбраты, паўсёстры, у маці трое дзяцей – і ўсе тры ад розных бацькаў, паўсюдныя цялесныя пакаранні малых. Спачатку есць дарослы, а што пасля яго застанецца, даядаюць дзеці і інш. Шмат чаго. Але пасля нейкага часу гэта ўжо не ўражвае. Чалавек жа прызвачайваецца. Ужо і беднасць падаецца не такой страшнай, і голад, і хваробы. Ніколі не думалі з Мартай, што колер скуры можа адыгрываць такую ролю ў жыцці. Тут ты белы, цябе называюць «белы» і да цябе ставяцца зусім па-іншаму, чым да чорнага. І калі для еўрапейцаў гэтае азначэнне «белы\чорны» надта нязвыклае, дык тут гэта нармальна. Нічога дрэннага.
– Раскажыце, калі ласка, пра людзей. Чым яны адрозніваюцца ад беларусаў?
– Як паглядзець на ўсё гэта. З аднаго боку, усе ж людзі, з іншага – мы вельмі розныя, як белае і чорнае (усміхаецца). Амаль не п’юць гарэлкі, але любяць піва. Радасці і ўсмешак на вуліцы нашмат болей, чым у нас. Пунктуальнасць адсутнічае, а ў Бога вераць усе. Карацей: як убачыце камерунца і беларуса, адразу зразумееце, хто ёсць хто (усмешка).
– Як набыць вопыт місіянерства? З чаго пачаць?
– У кожнага свой шлях. Адны робяць курсы спецыяльныя, рыхтуюцца да выезду, іншыя – адразу едуць. Нехта лічыць, што ў Беларусі дастаткова бедных дзяцей і ім трэба дапамагаць, а не па Афрыках ездзіць і шукаць гуз на галаву. І хто мае рацыю і ці ёсць яна ўвогуле – невядома. З намі а. Дарыюш сустрэўся, праверыў, ці ў ўсё нармальна ў нас з галавой і сказаў прыязджаць. Мы дзякуючы дазволу біскупа Кашкевіча назбіралі сродкаў на місію па парафіях Гродзеншчыны і паехалі. Але ўсё гэта трэба рабіць з Богам. Чуў гісторыі, калі людзі хацелі прадаваць усю маёмасць і прыязджаць на ўсё жыццё евангелізаваць Афрыку, але пасля трох месяцаў вярталіся дадому. А былі такія, што як першы раз ляцелі, дык у самалёце моцна напіваліся, а пазней па 20-30 гадоў тут працавалі.

– А якія далейшыя планы? Калі збіраецеся вяртацца ў Беларусь?
– Вяртаемся ў чэрвені. У жніўні ў нас з Мартай шлюб. Магчыма, а. Дарыюш да нас прыедзе. А пазней будзем жыць, неяк дапамагаць місіі, шукаць працу, збіраць грошы на жыллё, купляць першую машыну, цешыцца з першага дзіцятка – карацей, так, як і ў нашых аднагодкаў. Можа, калі-небудзь вернемся ў Камерун, хто ведае Божыя планы? А пакуль што марым пра пельмені з кетчупам і смятанай, думаем пра вяселле і ўжо пачынаем сумаваць па нашых камерунскіх выхаванцах.
Каментары