Галаваломка (Inside Out)
Жанр: мультфільм, драма, камедыя.
Рэжысёр: Піт Доктэр
У ролях (агучка): Льюіс Блэк, Міндзі Кейлінг, Біл Хейдэр, Эмі Полер, Філіс Сміт, Рычард Кайнд, Кейтлін Дзіас
ЗША, 94 хв.
Адзнака: 9.
Райлі — 11-гадовая школьніца з Мінесоты. Яе паводзіны вызначаюць пяць базавых эмоцый: Радасць, Смутак, Страх, Гнеў і Грэблівасць.
Эмоцыі жывуць у свядомасці дзяўчынкі і кожны дзень дапамагаюць ёй спраўляцца з праблемамі, кіруючы ўсімі яе ўчынкамі. Раптам высвятляецца, што Райлі разам з бацькамі пераязджае з роднага ўтульнага гарадка ў шумны Сан-Францыска. Кожная з эмоцый лічыць, што менавіта яна найлепш ведае, што трэба рабіць у гэтай няпростай сітуацыі, і ў галаве дзяўчынкі наступае блытаніна. У спробах выправіць сітуацыю Радасць, якая дасюль верхаводзіла сярод эмоцый, разам са Смуткам трапляе ў лабірынт доўгачасовай памяці. Цяпер яны зніклі са свядомасці Райлі, пакінуўшы там толькі Страх, Гнеў і Грэблівасць.
Новы мультфільм студыі Pixar, вядомай надзвычай якаснымі работамі, прыўздымае завесу таямніц чалавечай псіхікі. Стваральнікі ўзялі тэму, так ці інакш цікавую усім, — як эмоцыі кіруюць штодзённым жыццём. Рэжысёр і сцэнарыст Піт Доктэр («Карпарацыя пачвараў» (2001), «Уверх» (2009) — прэмія «Оскар»-2010 за найлепшы анімацыйны фільм) узяў за сюжэтную аснову факты сваёй біяграфіі.
Доктэру ў свой час таксама давялося пераехаць з Мінесоты ў Сан-Францыска, дзе размешчана штаб-кватэра Pixar, а натхненне яму прынесла дачка:
«Гэты мультфільм пачаўся з назіранняў за маёй дачкой. Яна была вельмі жвавым і радасным дзіцём, але калі ёй споўнілася 11 гадоў, яна стала больш спакойнай і стрыманай. І я падумаў: «Гэта дзіўна. Вось бы даведацца, што адбывацца ў ейнай галаве». Пасля кансультацыі з псіхолагамі высветлілася, што ўсяго можна налічыць да 27 эмоцый. Але асноўных — шэсць: радасць, смутак, страх, гнеў, грэблівасць і здзіўленне. Страх і здзіўленне вырашылі аб’яднаць, і ў галаве дзяўчынкі пасяліліся пяць эмоцый-персанажаў: Гнеў адказвае за пачуцце справядлівасці, Страх — за бяспеку, Грэблівасць — за густ і пачуцце меры, Радасць — за цягу да жыцця, Смутак — за спачуванне.
Складаную структуру псіхікі стваральнікі раскрылі паступова і яскрава. Тут ёсць рознакаляровыя сферы памяці, дзе ўтрымліваюцца ўспаміны.
Яны складаюцца ў лабірынты доўгачасовай памяці, а базавыя ўспаміны ўтвараюць Выспы асобы — яркія бакі асобы дзяўчынкі: Сям’я, Сяброўства, Гарэзлівасць. Асобную прастору займаюць Уяўленне і Падсвядомасць, а таксама пакоі Абстрактнага мыслення.
Стужка будзе цікавая і дзецям, і іх бацькам. У сюжэце знайшлося месца не толькі забавам, але і сумным, неадназначным момантам жыцця дзіцяці, якое пакрысе становіцца падлеткам.