Сяргей Брын. Фота: latimes.com

Сяргей Брын. Фота: latimes.com

Сузаснавальнік і прэзідэнт па тэхналагічных распрацоўках Google, 41-гадовы Сяргей Брын развёўся з сузаснавальніцай і гендырэктарам 23andMe, яго равесніцай Эн Вуйціцкай, паведамляе Business Insider. Развод быў ціха праведзены ў судзе Санта-Клары (Каліфорнія, ЗША) 1 мая 2015 года.

Вуйціцка нарадзіла Брыну сына Бэнджы ў 2007-м і дачку ў 2011-м (яе імя не называлася). Яны ўсё яшчэ выхоўваюць дзяцей разам, хаця жывуць у розных дамах па суседстве.

Сяргей Брын і Эн Вуйціцка. Фота: telegraph.co.uk

Сяргей Брын і Эн Вуйціцка. Фота: telegraph.co.uk

Брын і Вуйціцка ажаніліся ў 2007 годзе на Багамах. Яе стартап 23andMe займаўся (і займаецца) зборам інфармацыі пра стан здароўя і магчымыя захворванні па выніках генетычных тэстаў. Яго, на той момант ужо мільярдэра і аднога з лідараў IT-гіганта Google, зацікавілі падобныя даследаванні. Разам пара займалася ключавымі праблемамі праекту «Чалавечы геном», Google нямала інвеставаў у 23andMe. Кажуць, да непажаданых мутацый у генетычным кодзе Брын ставіўся як да багаў у кодзе праграмным.

Пара фактычна распалася ў 2013 годзе — з таго часу яны пачалі жыць асобна, хаця засталіся сябрамі і партнёрамі па бізнесе. Ужо тады паведамлялася (а цяпер пацвердзілася), што пара заключыла шлюбны кантракт, паводле якога долі Брына ў Google (на сёння 16%, як і ў Лары Пэйджа) нічога не пагражае. Сястра Эн Вуйціцкай, Сюзан, засталася на пасадзе гендырэктара Youtube, што ўваходзіць у актывы Google.

Аманда Розенберг і Х’юга Бара. Фота з асабістай старонкі Розенберг на Google+

Аманда Розенберг і Х’юга Бара. Фота з асабістай старонкі Розенберг на Google+

Дакладныя прычыны распаду пары невядомыя, але ходзяць шматлікія чуткі пра службовы раман Брына з жанчынай у акулярах. Тымі акулярамі былі Google Glass — разумныя акуляры-камп’ютар Google, а той жанчынай — маладзейшая за 30 менеджар па іх (акуляраў) маркетынгу Аманда Розенберг.

Гэта жорстка, але сцвярджаюць, што Розенберг была сяброўкай Вуйціцкай. Да таго ж, Розенберг кінула дзеля Брына свайго хлопца, які пры гэтым быў адной з ключавых фігур у праекце Android, паспяховай аперацыйнай сістэме Google. Гэты хлопец, бразілец Х’юга Бара, пасля гэтага пакінуў Google і сышоў да кітайскага тэлефоннага гіганта Xiaomi. У бізнесе Бара сёння ўсё добра (Xiaomi сталі лідарамі на мабільным рынку Кітая), а вось на працы Розенберг не ўсё гладка (вытворчасць акуляраў прыпыненая, праект «перазагрузяць»).

Ніколь Шанахан. Фота: gnossem.tumblr.com

Ніколь Шанахан. Фота: gnossem.tumblr.com

Брына і Розенберг даўно не бачылі разам — кажуць, пара разышлася і Брын часова вярнуўся да жонкі. Але спадзявацца на руку і сэрца мільярдэра і філантропа не варта: нядаўна ён быў заўважаны ў цесных адносінах з 38-гадовай Ніколь Шанахан, заснавальніцай патэнтнай кампаніі ClearAccessIP. Пра іх адносіны вядома мала, хаця ўжо ходзяць чуткі пра хуткае вяселле.

***

Сяргей Брын нарадзіўся ў 1973 годзе ў Маскве (Расія) ў яўрэйскай сям’і матэматыкаў. Сям’я пераехала ў ЗША, калі яму было 5 год (за што ён удзячны бацькам). Датэрмінова атрымаў дыплом бакалаўра ў Мэрылэндскім універсітэце, дыплом магістра атрымаў ужо ў Стэнфардзе. Яшчэ падчас вучобы цікавіўся пошукавымі машынамі. Разам з Лары Пэйджам заснаваў пошукавік Google ў 1998 годзе — першапачаткова яны працавалі над пошукавікам для кампусу Стэндфардскага універсітэта. У 2004-м з’явіўся ў спісе мільярдэраў Forbes, сёння займае ў ім 20 месца з 29,1 млрд даляраў у кішэні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?