Спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харашці прэзентаваў свой чарговы даклад на Савеце ААН па правах чалавека, які праходзіць у Жэневе.

Абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі адбылося 23 чэрвеня, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Даклад Харашці ахоплівае перыяд, які прайшоў з мінулай справаздачы (чэрвень 2014 года) па 30 сакавіка гэтага. 

osce.org

osce.org

Харашці зазначыў, што «Беларусь зрабіла важныя намаганні, каб зменшыць напружанасць у рэгіёне праз механізмы пасрэдніцтва». «Саміт Усходняга партнёрства ў Рызе прывітаў прыкметы надзеі ў адносінах паміж Еўрасаюзам і Беларуссю, таму што краіна абяцала разгледзець пытанне аднаўлення дыялогу па правах чалавека, — гаворыцца ў дакладзе. — Разам з тым урад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць мандат Савета па правах чалавека, што стала істотным крокам назад у яго ўзаемадзеянні з міжнароднай супольнасцю». 

Паводле ацэнкі спецдакладчыка, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не мела ніякіх прыкметаў паляпшэння, паколькі ўлады не выправілі «ніводнае з глыбокіх і сістэмных парушэнняў», а таксама не стварылі ўмоў для правядзення свабодных і справядлівых выбараў. Пад пагрозай, у прыватнасці, застаюцца правы на свабоду выказвання меркаванняў, сходу і асацыяцыі, на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы для працы, выбару месца працы. Такая сітуацыя ўяўляецца Харашці «трывожнай у святле прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца восенню 2015 года».

Аўтар даклада зазначыў, што ў параўнанні з мінулымі гадамі мелі месца некаторыя пазітыўныя зрухі: напрыклад, зменшылася колькасць зняволеных, прыгавораных да працяглых тэрмінаў зняволення, быў вызвалены «лідар буйной праваабарончай арганізацыі» (гаворка ідзе пра Алеся Бяляцкага).

Пры гэтым Харашці заклікаў беларускія ўлады не толькі вызваліць, але і ў поўнай меры рэабілітаваць усіх палітычных апанентаў рэжыму, якія апынуліся за кратамі.

У дакладзе таксама зазначаецца, што за справаздачны перыяд у Беларусі была пашырана практыка самавольных кароткатэрміновых затрыманняў актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў. Нягледзячы на некаторыя крокі па спрашчэнні прававой сістэмы, незалежнасць судовай улады застаецца мінімальнай, таму што ўсіх суддзяў і пракурораў прызначае і звальняе прэзідэнт. 

Правы грамадзян на справядлівы судовы разбор, зазначыў Харашці, абмяжоўваліся на закрытых пасяджэннях і ў выніку судовых рашэнняў, якія ў значнай ступені былі заснаваныя на паказаннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у той час як сведчанні абароны ігнараваліся.

Абноўлены закон аб СМІ, паводле ацэнкі дакладчыка, знішчыў «апошнія рэшткі свабоды слова» — улады блакіравалі незалежныя інтэрнэт-сайты.

Харашці таксама адзначыў нядаўна ўведзены ў Беларусі падатак на дармаедства і карныя меры ў дачыненні да непрацуючых грамадзян. Спецдакладчык заклікаў Беларусь прыняць усе рэкамендацыі, зробленыя падчас універсальнага перыядычнага агляду, і заняцца вырашэннем усіх правоў — грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных — у адпаведнасці з прынцыпам узаемазалежнасці і недзялімасці ўсіх правоў чалавека. 

У сваіх заключных заўвагах Міклаш Харашці заявіў: «На працягу двух дзесяцігоддзяў Беларусь не мае апазіцыі ў парламенце, што паказвае сапраўдны твар беларускай парламенцкай сістэмы. Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе не існуе прыватнага тэлебачання. На існуючых дзяржаўных каналах павінны быць прыкметы плюралізму. Незарэгістраваныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці павінны быць зарэгістраваныя, што было б імгненным паляпшэннем».

У сваю чаргу пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў на пасяджэнні Савета заявіў, што «мандат спецдакладчыка павінен быць скасаваны». «Спецдакладчык па Беларусі — гэта дыскрэдытацыя ідэй дэмакратыі і правоў чалавека. Гэта палітычны праект, скіраваны на раскол нашай краіны. Гэты праект церпіць паражэнне. Паміж дакладам і рэальнай сітуацыяй у Беларусі пралягае бездань. Даклад мы прымаем як псеўдапраўдзівы, а таму негрунтоўны», — падкрэсліў Хвастоў.

Падчас дэбатаў прадстаўнікі еўрапейскіх краін падтрымалі ацэнку сітуацыі ў Беларусі, дадзеную Харашці, і заявілі аб неабходнасці прадоўжыць яго мандат як краінавага спецдакладчыка па Беларусі. Яны выказалі занепакоенасць наконт сістэматычных рэпрэсій супраць беларускіх журналістаў, праваабаронцаў і апанентаў улады, цэнзуры СМІ, а таксама прымянення смяротнай кары. Апрача таго, выступоўцы выказалі расчараванне наконт адмовы афіцыйнага Мінска супрацоўнічаць са спецдакладчыкам.

У сваю чаргу постсавецкія краіны, у прыватнасці Расія, Азербайджан, Таджыкістан, заявілі, што сітуацыя ў Беларусі не апраўдвае прызначэння мандата і раскрытыкавалі «палітызацыю Савета па правах чалавека».

Варта зазначыць, што мандат спецдакладчыка па Беларусі быў заснаваны Саветам ААН па правах чалавека ў ліпені 2012 года, а затым штогод працягваўся. Спецдакладчык рэгулярна рыхтуе справаздачы аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, падаючы іх Савету ААН па правах чалавека і Генеральнай асамблеі ААН. 

Беларускія ўлады адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам. Харашці так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь, каб вывучыць сітуацыю на месцы і сустрэцца з прадстаўнікамі ўлады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?