Аляксандр Лукашэнка перасцярог мясцовыя ўлады ад папулізму падчас правядзення выбарчай кампаніі, у тым ліку ў частцы заработных плат. «Давайце перажывем спакойна гэтыя выбары, паглядзім, на што мы здольныя», — сказаў ён, прымаючы 25 чэрвеня кадравыя рашэнні.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка заклікаў новых кіраўнікоў выканкамаў як мага хутчэй увайсці ў курс справы, разабрацца з кадрамі і «быць вельмі акуратнымі і ўважлівымі» з людзьмі. «Не павінна быць ні фанабэрыі, ні галавацяпства», — папярэдзіў ён. 

Уладзе, на думку Лукашэнкі, варта надаць больш вагі. Сітуацыя, калі кіраўнік ставіць задачу, а потым сам жа выконвае яе за адказную асобу, недапушчальная, падкрэсліў ён. «Улада павінна займацца сваімі пытаннямі. Але выкананне павінна быць самым жорсткім: сказаў, прыняў рашэнне ў выканкаме — гэта павінна быць неадкладна выканана», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Такі падыход, зазначыў ён, дасць магчымасць эфектыўна аптымізаваць дзяржапарат, адпаведна павялічыўшы зарплаты і даходы дзяржслужачым.

Лукашэнка нагадаў, што літаральна праз два-тры тыдні ў Гродзенскай і Гомельскай абласцях пачнецца ўборачная кампанія. «Вось гэта самае галоўнае — трэба добра ўбраць, нарыхтаваць, забяспечыць дысцыпліну, каб людзі працавалі і атрымлівалі зарплату. Вось уся наша перадвыбарная кампанія. А калі тут не будзе выніку, а мы будзем хадзіць да людзей і спрабаваць нешта сказаць, атрымаецца мычанне і не больш», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Як паведамлялася раней, сёння Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне шэрагу чыноўнікаў мясцовых органаў улады, у тым ліку — першага намесніка і намесніка Брэсцкага аблвыканкама, намеснікаў старшыні Віцебскага і Магілёўскага аблвыканкамаў, старшыняў Пружанскага, Лунінецкага і Гарадоцкага райвыканкамаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?