Ягор Летаў

Памерлы ўчора Ягор Летаў быў прадстаўніком таго самага вольнадумнага пакалення, што актывізавалася ў часы пастаяннай змены генсекаў.

У тыя часы яго цкавалі камсамольцы, за ім віжавалі гэбісты, музыкант нават у вар’ятню быў скіраваны на мусовае лячэнне разам з іншымі антысаветчыкамі. З сваёй сяброўкай Янкай Дзягілевай ён хаваўся ад органаў і, як потым сам неаднойчы прызнаваўся, жыў дзе прыйдзецца, а ў крамах ды на рынках цішком краў прадукты.

Як імперыя знікла, аўтар ці не галоўнага дваравога хіта ўсёй постсавецкай прасторы «Все идёт по плану» разгарнуў і грамадскую дзейнасць. Відаць, пакліканне такое меў — быць вечным апазіцыянерам. Менавіта ён стварыў рух пад назвай «Рускі прарыў», куды ўвайшлі такія адыёзныя дзеячы, як Лімонаў, Анпілаў ды Праханаў. Неаднойчы «Гражданская оборона» выступала на запрашэнне Нацыянал‑бальшавіцкай партыі Эдуарда Лімонава.

Прыход у суседняй Беларусі да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Летаў вітаў з усёй уласцівай яму шчырасцю. Пасля мінскіх падзеяў 1996‑97 гадоў лідэр «Гражданскай обороны» назваў кіраўніка Беларусі «воінам славянства» і адзіным палітыкам, які чагосьці варты. Летаў быў адным з тых, хто бачыў менавіта Лукашэнку кіраўніком усёй сваёй абстрактнай імперыі. Часам у сваіх разважаннях ён заходзіў куды далей, чым самыя зацятыя прыхільнікі беларускага кіраўніка.

‑ Мы падтрымліваем Аляксандра Лукашэнку, прычым гатовы падтрымлівасць яго ў тым ліку і дзеяннем, і зброяй.

‑ А за каго вы з расійскіх дзеячоў?

‑ Да проста няма тут нікога. Лукашэнка прыйдзе да ўлады ў Расіі і навядзе парадак. Можа быць і іншы, ваенны варыянт развіцця падзеяў, але ў першым выпадку будзе больш цывілізавана.

Летава з канцэртамі не пускалі ў Эстонію і Латвію, у Беларусі таксама неаднаразова праходзілі акцыі супраць канцэртаў «ГрОБ». У 2003 годзе, напрыклад, беларускае прадстаўніцтва Саюза камітэтаў габрэяў былога Савецкага Саюзу звярнулася да Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Пракуратуры Беларусі, КДБ і Мінкульта з патрабаваннем адмяніць выступы «неанацысцкай групы Ягора Летава».

Акцыю супраць прыезду Летава ў Мінск ладзіў і «Малады фронт». Адзін з арганізатараў таго пікету Аляксей Шэін паходзіць з Гродна і выхоўваўся зусім на іншай музыцы:

>‑ У другой палове 80‑х мы слухалі польскія гурты, такія, як «Lady Punk», амерыканскі, аўстралійскі хард‑рок, а Летаў быў недзе на задворках. Тады ён пазіцыянаваў сябе, як антыкамуніст, але ж у цяперашнія часы тое, што нёс сам Летаў і яго спевы, было ідэйна абсалютна разбуральным што для беларусаў.

У апошнія гады жыцця Ягор Летаў неяк прыціх, не так часта выступаў. А з гады тры таму спыніў супрацу з «лімонаўцамі» ды адышоў ад палітыкі. Але журналісты яму ўсё адно задавалі тыя ж пытанні. «Наконт палітыкі Лукашэнкі сказаць нічога канкрэтнага не маю, бо спецыяльна не цікаўлюся», — сказаў ён нядаўна ў адным з інтэрв’ю.

Галоўны рэдактар «Музыкальной газеты» Алег Клімаў раіць усім тым, хто не падзяляў палітычных поглядаў Летава зазірнуць у тэксты «Гражданской обороны»:

‑ Для мяне ён перадусім паэт. Пачытайце яго тэксты, знойдзеце там іншага Летава і будзе ўсё зразумела адразу. А тое, што ён меў прарасійскія і «прафашысцкія» погляды, на маю думку, з’яўляецца другасным. Трэба бачыць у ім найперш паэта.

Адзіная беларуская каманда, якая пераспявала песню Ягора Летава і ўдзельнічала ў трыб’юце «Гражданской обороны», — «Ляпіс Трубяцкой». Яе лідэр Сяргей Міхалок неяк прызнаўся, што ў юнацкія гады зарабляў някепскія дывідэнды на песнях Летава, граючы ў пераходах. Праз гады ён заспявае «Государство», якое шмат хто лічыць адной з лепшых перапевак гэтага гурта.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0